Грамадская арганізацыя "Звяно" абскарджвае папярэджанне Мінюста

Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё
Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё

Грамадская арганізацыя "Звяно" падала скаргу ў Мінскі гарадскі суд на міністэрства юстыцыі. У арганізацыі не згодныя з вынесеным папярэджаннем, патрабуюць яго адмяніць. Папярэджанне можа прывесці да закрыцця "Звяна".

Напярэдадні адбылося папярэдняе пасяджэнне суда. Па некаторых пазіцыях бакам удалося дамовіцца, але па адным пункце разыходжанні ў поглядах у бакоў застаюцца, перадае "Радыё Свабода".

Усяго ў Мінюста было чатыры прэтэнзіі. Адна з іх тычылася дакументаў, якія не былі своечасова прадстаўленыя ў Мінюст, але да таго моманту гэтыя паперы ўжо былі канфіскаваныя СК. Другая прэтэнзія тычылася інфармацыі на сайце аб задачы арганізацыі, якой няма ў статуце. У судзе прадстаўнікі Мінюста пагадзіліся, што на сайце ўсё адпавядае нормам. Трэці пункт тычыўся запаўнення фінансавых дакументаў. Па гэтых трох прэтэнзіях бакам удалося дамовіцца.

Няма згоды па чацвёртым пункце. Мінюст настойвае, што "Звяно" не мела права праводзіць маніторынгі. Прадстаўнікі ведамства спасылаюцца на тое, што такая дзейнасць не прапісаная ў статуце арганізацыі. Кіраўнік "Звяна" Таццяна Гацура-Яворская з гэтым не згодная.

"Па статуце ў нас ёсць права на збор і аналіз інфармацыі, што мы і рабілі, калі ў мінулым годзе маніторылі сістэму аховы здароўя падчас барацьбы з першай хваляй пандэміі каранавіруса. У тым ліку аналізавалі дадзеныя з сайта МЗС, які прымяняе міжнародны маніторынг", — тлумачыць яна.

Наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 20 ліпеня. "Цяжкія зараз часы, але ўсё роўна трэба спрабаваць", — кажа кіраўнік "Звяна".

Сама Таццяна Гацура-Яворская застаецца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе. Яе, а таксама яшчэ чацвярых чалавек, арганізатараў выставы "Машына дыхае, а я — не" затрымалі ў пачатку красавіка. У зняволенні Таццяна Гацура-Яворская правяла 10 дзён, затым яе выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

"Нічога не змянілася. Падпіска аб нявыездзе з мяне не знятая, хоць пра якія-небудзь следчыя дзеянні ў справе мне невядома. Ва ўсякім выпадку, мяне на іх не выклікалі", — распавядае яна.

У жніўні "Звяну" споўніцца 8 гадоў. За гэты час сябры арганізацыі рэалізавалі дзясяткі сацыяльных, асветніцкіх і праваабарончых праектаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі