Guardian: Еўрабачанне паказвае, як рэзка Украіна і Расія раздзяляюць Еўропу
Брытанскае выданне The Guardian піша, што палітычная прадузятасць не з’яўляецца чымсьці новым для Еўрабачання. Арганізатары конкурсу ніколі не былі ў стане спыніць людзей, якія галасуюць за сяброў, саюзнікаў і адзінаверцаў. “Прадказальнасць, з якой, да прыкладу, Грэцыя і Кіпр галасуюць адно за аднаго і супраць Турцыі, ужо стала падставай для анекдотаў”, – піша выданне.
Для таго каб пазбегнуць такой сітуацыі, пачалі ўлічвацца балы журы. Але, па словах выдання, сёлета і нацыянальныя журы не змаглі быць непрадузятымі:
“Дзіўна было бачыць, як размеркаваліся галасы нацыянальных суддзяў (вы б іх маглі назваць прафесіяналамі) і звычайных людзей. Прафесіяналам здрадзілі тыя ж самыя палітычныя інстынкты: яны заўважна аддавалі перавагу Украіне. Некаторыя аддалі свае галасы за Аўстралію, абраўшы геніяльны “нейтральны” шлях. Але “народ” быў храбрэйшым. Замест таго, каб аддаваць бясспрэчную перавагу Расіі або Украіне, людзі часта галасавалі за абедзвюх, змяшчаючы іх блізка адну ля другой у топах. Гэта можа быць пытанне музычнага густу, але Расія атрымала значна больш галасоў ад “народу”, чым ад нацыянальных журы”, — піша выданне.
The Guardian робіць выснову, што галасаванне ў Еўрабачанні сведчыць пра тое, наколькі рэзка Украіна і Расія раздзяляюць Еўропу.
Брытанскі дуэт “Joe & Jake” займае у фінале 24-е месца з 26. Брытанскае выданне узгадвае пра гэта толькі адным кароткім радком.
Літоўскі партал DELFI таксама звяртае ўвагу на тое, што самым значным супрацьстаяннем на конкурсе была барацьба паміж Расіяй і Украінай.
“Прадстаўнікі Расіі беспаспяхова спрабавалі забараніць песню Джамалы пра ссылку крымскіх татараў падчас Другой сусветнай вайны. У барацьбу ўключыліся і журы абедзвюх краін: расійская камісія аддала ўкраінскай выканаўцы перадапошняе месца, а, па ацэнцы ўкраінскіх прафісіяналаў, Расіі дасталося 22-е месца з 25. Ацэнка гледачоў была зусім іншая — украінскія гледачы ацанілі Расію найвышэйшым балам, а гледачы Расіі далі Украіне другое месца”.
Літоўцы нямала пішуць пра свайго выканаўцу Данатаса Мантвідаса, які заняў 9-е месца. У прыватнасці, выданне аналізуе, што максімальную адзнаку ад гледачоў — 12 балаў — літовец атрымаў ад Вялікабрытаніі, Ірландыі і Нарвегіі, дзе самыя вялікія літоўскія дыяспары. Расійскае журы, напрыклад пакінула Мантвідаса на 13-м месцы, расійскія гледачы — на 18-м.
Палітычна заангажаванай перамогу Джамалы называе і іспанская El País. Выданне падкрэслівае, што барацьба паміж Расіяй і Украінай пачалася нашмат раней за галасаванне:
“Украінскую песню кепска прынялі ў Расіі, дзе неаднаразова звярталі ўвагу на яе палітычную тэматыку. Але і Расію апошнімі тыднямі неаднаразова заклікалі байкатаваць праваабаронцы за парушэнні правоў гомасексуалаў”, — піша газета.
Аўтары таксама разважаюць пра тое, чаму іспанская спявачка Barei, якую раней называлі фаварытам, атрымала толькі 22-е месца з 26. Выданне мяркуе, што песня была добрая, але выступленню катастрафічна бракавала спецэфектаў.
“Складаецца ўражанне, што ў той час, як іншыя краіны не шкадавалі грошай на гульню святла і агней, якія прымушалі нас адчуць сябе бы ў наступнай серыі Аватара, бюджэт Іспаніі быў настолькі абмежаваны, што тэхнік сказаў нам: “За гэты кошт пакет уключае толькі раздзелены экран цягам 23 секунд”.
“Праз некалькі хвілінаў пасля іспанскага выступлення спявачка з Арменіі памножыла сябе ў галаграмах, якія каштавалі, відаць, як палова ВУП краіны”, — падводзіць вынік El País.
Польская газета Rzeczpospolita піша, што сёлета песенны конкурс быў палітызаваны як ніколі. І справа не толькі ў супрацьстаянні Украіны і Расіі — спрэчкі выклікалі забарона сцягаў Палестыны, саамаў (паўночны скандынаўскі народ).
“Змены ў Еўропе, дзе ўсё больш важнымі становяцца нацыянальныя пытанні, змяняюць і сам конкурс. Апошнім часам на арэнах Еўрабачання падымаліся экалагічныя пытанні або пытанні сексуальных меншасцяў. А цяпер упершыню на гэтым конкурсе выйграла песня на гістарычную тэму, якая паказвае пункт гледжання аднаго з бакоў палітычнай спрэчкі, што цягнецца і сёння ва Усходняй Еўропе”, — піша выданне.
Rzeczpospolita таксама ўзгадавае, што польскі выканаўца Міхал Шпак ад журы атрымаў толькі 7 балаў, але гледачы далі спеваку 229 балаў, што падняло яго аж на 8-е месца. Калі б перамогу вызначалі толькі галасы тэлегледачоў, без уліку ацэнак суддзяў, польскі выканаўца быў бы на 3-м месцы.
Дацкі часопіс BT паведамляе, што журы ўвогуле памылілася з баламі. 12 балаў, якія прызначаліся аўстралійскай спявачцы Дамі Ім, яны выставілі Джамале. Старшыня дацкіх суддзяў Хільда Хейк заяўляе:
“Гэта мая самая вялікая памылка, і я яе сумленна прызнаю”.
Дарэчы, дацкі гурт “Lighthouse X” не прайшоў у фінал конкурсу, у матэрыялах пра фінал Еўрабачання згадак пра гэты гурт амаль няма.
Правілы падліку галасоў у гэтым годзе на Еўрабачанні змяніліся. Прафесійнае журы і тэлегледачы з кожнай краіны ацэньвалі ўдзельнікаў конкурсу паасобку, выстаўляючы ім балы ад 1 да 8, а таксама 10 і 12 балаў. Раней балы журы і гледачоў сумаваліся і дзяліліся на два. Цяперь балы проста сумуюцца.