Джамала ― пра шок на сцэне "Еўрабачання", палітыку на конкурсе і шанцы Naviband
Фото: vk.com/jamala
19 красавіка Джамала выступіць у Вільні. У канцэртнай зале Compensa пераможца "Еўрабачання-2016" прадставіць сваю новую праграму "I Believe in U", паслухаць якую спявачка запрашае і беларускіх меламанаў. Дарэчы, ходзяць чуткі, што Джамала летам выступіць у Беларусі. Пра сябе-розную, пра тое, што неабходна музыканту, каб перамагчы на "Еўрабачанні", пра беларусаў у шоў "Голос країны" спявачка распавяла ў эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё.
Джамала: Мая новая праграма складаецца з новых песень, а таксама лепшых кампазіцый з папярэдніх альбомаў. У ёй ёсць і электроніка, і электра-соўл, і джаз, і фанк, але ўсё гэта аб'яднанае паняццем поп-музыка і жывым складнікам. Усе песні "пра цябе і пра мяне", пра пачуцці. Калі я пакутую, то пакутую ўсур'ёз, калі радуюся, таксама на поўную, танцуем да ўпаду, калі гэта песня пра каханне, то яна злёгку наіўная і рамантычная. Я сама часам дзіўлюся гэтым перападам пачуццяў у маёй музыцы. Але я не хачу быць аднолькавай, не хачу быць падобнай на сябе і рабіць копіпаст адной удалай песні. Гэты шлях я адпрэчыла з самага пачатку. Я раблю музыку рознага характару, але гэта заўсёды 100-працэнтны live... Я запрашаю ў Вільню ўсіх меламанаў. Упэўненая, кожны з майго канцэрта нешта вынесе для сябе. Сама я слухаю музыку кругласутачна, не выключаюся ні на секунду. Хоць ёсць такое меркаванне, што людзі слухаюць музыку да 25 гадоў, а потым яна большасці становіцца нецікавая. Але я жудасна хвалююся, калі мне не хапае часу адслухаць новыя альбомы. Да прыкладу, сёння раніцай я прачнулася, і першае, што зрабіла, загрузіла новы альбом Кендрыка Ламара.
"Вельмі важна не як ты ішоў у праекце, а з чым ты пасля яго застаўся"
Еўрарадыё: Ці ёсць у вашым плэеры музыка беларускіх музыкаў? Каго вы можаце адзначыць?
Джамала: Я ведаю Валерыю Грыбусаву ― вельмі таленавітая дзяўчына, з якой мы працавалі ў "Голасе" і цяпер сябруем. У Бабкіна ў камандзе быў Ягор Шаранкоў, У Ціны ― Насця Малашкевіч. Яны прайшлі ў чвэрцьфінал шоў. Гэта сведчыць пра тое, што яны смела могуць рабіць сваю музыку. Праект Валерыі, VaL, я паслухала, і параіла на некалькі фестываляў. Калі шчыра, многія музыкі зацыкленыя на сабе. Ты жывеш ад канцэрта да канцэрта, ад альбома да альбома, і кола зносін ― гэта музыкі, з якімі ты граеш і з якімі кантактуеш. Але ў "Голасе" я змагла для сябе адкрыць выканаўцаў, якіх хачу запрасіць выступіць разам на маім вялікім канцэрце ў Кіеве 12 мая. Мне хацелася б, каб гэта дапамагло ім у прасоўванні іх уласнай музыкі. У "Голасе" яны не спяваюць сваіх песень. Але ўсё ж вельмі важна не як ты ішоў у праекце, а з чым ты застаўся пасля яго, як ты жывеш далей, як асоба, як незалежны артыст.
"У Naviband ёсць менавіта тое, што прымушае іх слухаць, і не важна, на якой мове яны спяваюць"
Еўрарадыё: Тое ж можна сказаць і пра пераможцаў "Еўрабачання"...
Джамала: Гэта праўда. Вельмі часта людзі становяцца закладнікамі адной песні. Гэта рэальна страшна. Я ніколі не з'яўлялася фанаткай "Еўрабачання", я ішла туды як музыка, і выйду з гэтага конкурсу таксама як музыка. І першая думка, якая ў мяне была пасля таго, як я прызямлілася ў Кіеве: "Мне тэрмінова трэба сесці за клавішы, я хачу пачаць пісаць новы альбом". Уласна, што я актыўна і раблю ― назапасіла ўжо добрую палову матэрыялу. Перамога ― гэта выдатна, але вельмі важна ісці далей і не спыняцца.
Еўрарадыё: Сёлета ад Беларусі на "Еўрабачанне" едзе гурт Naviband, якая ўпершыню вязе на конкурс беларускамоўную песню. Як вы лічыце, ці ўплывае мова на перамогу на "Еўрабачанні"?
Джамала: Смела магу сказаць, што не. Прыпеў маёй песні, яе хукавая частка, была на крымскататарскай мове, і, як бачыце, гэта не перашкодзіла песні перамагчы. Я лічу, што Naviband ― вельмі мілыя, яны ствараюць музыку са сваім настроем, у сваім духу. Мне здаецца, што для перамогі няма правіл. Але ёсць вельмі важны складнік, без якого немагчымая перамога ― гэта неверагодная харызма, грув, які павінен быць і ў песні, і ў выканаўцы. Часта многія робяць акцэнт на аўдыёзапісе, і да таго, як песня трапіць на саму сцэну, яна атрымлівае высокія рэйтынгі і займае першыя месцы. А потым, калі чалавек выходзіць на сцэну і пачынае спяваць на жыва, усё раствараецца, знікае гэты саўнд, суперпрадакшн і іншае. Думаеш, куды ўсё гэта падзелася, ў запісе ўсё пампавала, дапамажыце! Узгадаем Рыбака, прыгожага скрыпача, які казаў, што не збіраўся спяваць. Але на конкурсе ён спяваў так шчыра, у яго ўсярэдзіне быў такі грув, такі настрой! Можа быць, ён не суперспявак, але ён запаўняў сабой усю прастору! Неверагодная Ларын ― тое ж самае: падчас яе выступу ўсё дыхала. Мне здаецца, што ў Naviband ёсць менавіта тое, што прымушае іх слухаць і не важна, на якой мове яны спяваюць. Важна тое, што ў іх ёсць энергія, эмоцыя, пазітыў, яны ў яго вераць, і гэта вельмі крута.
"Для мяне не было паўфіналаў і гранд-фіналу. Для мяне заўсёды быў гранд-фінал"
Еўрарадыё: Вы былі ў журы ўкраінскага нацыянальнага адбору і падзяліліся з журналістамі меркаваннем, што моцных удзельнікаў не было, а вам бы хацелася, каб Беларусь прадставілі "ДахаБраха" ці ONUKA. На ваш погляд, "Еўрабачанне" ― гэта конкурс для сталых артыстаў ці гэта шанец для пачаткоўцаў?
Джамала: Хочаце шчыра? Я лічу, што калі артыст і пачатковец, то ў яго павінна быць загартоўка, не як у пачаткоўца. Гэта вельмі складаны конкурс, яго глядзіць велізарная аўдыторыя. За кадрам застаюцца рэпетыцыі перад паўфіналамі і гранд-фіналам. 13 паўнавартасных рэпетыцый пры поўнай зале, пры дзвюх тысячах акрэдытаваных журналістаў ― гэта тое, што я праходзіла кожны раз. Але для мяне не было паўфіналаў і гранд-фіналу. Для мяне заўсёды быў гранд-фінал.Ты не маеш права на памылку, у гэтым і ёсць асаблівасць гэтага конкурсу ― ёсць толькі перамога. Няма першага, другога і трэцяга месцаў, бронзы і срэбра. Ёсць толькі адно ―ты прывозіш ў сваю краіну перамогу, ці не. Так, магчыма, гэта конкурс і для пачаткоўцаў, але не для зусім пачаткоўцаў (смяецца). Я б усё ж такі адпраўляла на конкурс больш вопытных музыкаў, людзей, якія прайшлі нейкі шлях, каб для іх гэта не стала шокам. А гэта чысты шок. У мяне ўжо было столькі канцэртаў, але "Еўрабачанне" не апісаць словамі. Выходзіш на сцэну, і часам проста не можаш успомніць першы радок.
"У "Еўрабачанні" палітыкі роўна столькі, колькі ў любых міжнародных спаборніцтвах"
Еўрарадыё: Што вы думате наконт расійскай ўдзельніцы Юліі Самойлавай і таго скандала, які цяпер адбываецца?
Джамала: Я стараюся гэта ніяк, наогул ніяк не каментаваць.
Еўрарадыё: У мінулым годзе гучалі абвінавачванні ў палітызаванасці вашай песні і ў тым, што конкурс перастаў быць песенным, а стаў палітычным. Ці так гэта, на ваш погляд?
Джамала: У "Еўрабачанні" палітыкі роўна столькі, колькі ў любых міжнародных спаборніцтвах, у якіх удзельнікі выступаюць пад сцягам сваёй краіны. Тое, што адбываецца з тваёй краінай і ў тваёй краіне, так ці інакш будзе адбівацца на канкурсантах і на стаўленні да іх з боку іншых краін і журналістаў. Мы бачылі, што ў розныя гады перамагалі артысты рознага ўзроўню, з зусім непадобнымі песнямі. Мы бачылі, калі конкурс сыходзіў на нішто, сыходзіў ад музыкі і ператвараўся ў шоў фрыкаў. Цяпер "Еўрабачанне" знаходзіцца на ўздыме. Я паслухала некалькіх цяперашніх канкурсантаў ― сёлета яшчэ больш памяняліся музычныя тэндэнцыі, у трэндзе ― больш смелае электроннае гучанне. Гэта крута. Да таго ж, конкурс аказвае вялікі ўплыў на краіну-пераможцу. Краіна атрымлівае ад гэтага свае дывідэнды. Да прыкладу, за гэты год ва Украіну з канцэртамі прыехала столькі замежных артыстаў, колькi не прыязджала апошнія тры гады. Чаму? У тым ліку і дзякуючы правядзенню "Еўрабачання". Краіне выдадзены крэдыт даверу, гэта знак бяспекі, што дазваляе арганізатарам, прамоўтарам, менеджарам прывозіць артыстаў міжнароднага ўзроўню ў нашу краіну.
"Свабода ― гэта як у птушак, калі яны ляцяць і дакладна ведаюць, дзе іх вырай"
Еўрарадыё: У нас людзей дагэтуль палохаюць Майданам. А як Украіна пасля Майдана памянялася ― да лепшага, горшага?
Джамала: Мне здаецца, што для любых сур'ёзных зменаў патрэбны час. Магу сказаць дакладна, што пакуль палітыкі змагаюцца за ўладу, у творчых людзей ідзе сваё жыццё ― пішуцца альбомы, робяцца фэсты, ствараюцца цікавыя праекты. Да прыкладу, неверагодная "ДахаБраха" ездзіць па ўсім свеце са сваімі канцэртамі. З'яўляецца вельмі шмат новай і смелай ўкраінскай музыкі. На мой погляд, гэта ўсё вынік таго, што людзі адчулі сябе свабоднымі. А свабода ― гэта як у птушак, калі яны ляцяць, і дакладна ведаюць, дзе іх вырай, калі ты дакладна ведаеш, дзе твой стрыжань, калі ты дакладна ведаеш, куды ты можаш вярнуцца і быць самім сабой. Вось гэта абсалютная свабода для мяне.
Еўрарадыё: Ці маеце вы шэнгенскую візу? Куды вы паедзеце, калі адменяць візы для ўкраінцаў?
Джамала: Вядома, я маю "шэнген". У мяне ж 19 красавіка канцэрт у Вільні! Літаральна пару тыдняў таму мы здымалі кліп на "I Believe in U” ў Партугаліі. А ў канцы красавіка я лячу ў вясельнае падарожжа ў Італію.