Гуркі ў Беларусь вязуць з Расіі, а буракі і капусту — з Узбекістана
Беларусь імпартуе гуркі і бульбу з Расіі / pixabay.com
У міжсезонны перыяд гародніну ў Беларусь пастаўляюць з такіх краін, як Расія, Турцыя, Узбекістан, расказалі ў Мінсельгасхарчы.
Амаль 95% усіх агуркоў вязуць у Беларусь з Расіі, астатнія 5% — з Турцыі, Узбекістана, Ірана. Памідоры да нас едуць пераважна з Расіі, Турцыі, Азербайджана і Туркменістана.
"Буракі імпартуюць з Узбекістана, Расіі і Казахстана, капусту белакачанную — з Узбекістана, Казахстана, Расіі і Ірана, а бульбу — з Расіі, Азербайджана і Егіпта", — перадае БЕЛТА заяву ведамства.
Недахоп гуркоў і таматаў у зімова-вясновы перыяд чыноўнікі Мінсельгасхарчу патлумачылі сезоннай вытворчасцю. У міжсезонны перыяд Беларусь імпартуе раннія буракі, капусту і бульбу.
Пры гэтым чыноўнікі заяўляюць, што ў цэлым па годзе патрэба ў гурках, памідорах, бураках, капусце і бульбе ў краіне забяспечваецца ў поўным аб'ёме. Чаму пры гэтым "поўным аб'ёме забеспячэння" адбываецца імпарт гародніны, чыноўнікі Мінсельгасхарча не тлумачаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.