Гуркоў: Ніякіх умоў для вяртання ў нацыянальную зборную мне не ставілі

Гуркоў: Ніякіх умоў для вяртання ў нацыянальную зборную мне не ставілі

Напярэдадні чэмпіянату свету па муай тай, які пройдзе ў Мінску з 3 па 12 мая, Міністэрства спорту вяртае ў склад нацыянальнай зборнай 11-разовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Віталя Гуркова. Якія ўмовы вяртання яму паставілі і як ён будзе сумяшчаць падрыхтоўку да чэмпіянату з гастролямі ў складзе BRUTTO, Віталь Гуркоў распавядае Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Вы ведаеце, як спартовымі чыноўнікамі прымалася рашэнне аб вяртанні вас у шэрагі нацыянальнай зборнай?

Віталь Гуркоў: У мінулую пятніцу сябра скінуў мне артыкул пра хатні чэмпіянат свету па муай тай са словамі міністра спорту, які пералічваў спартоўцаў, што будуць складаць касцяк нацыянальнай зборнай. І там было сярод іншых маё прозвішча. Спачатку я вырашыў, што ў артыкуле нешта наблыталі, але ў панядзелак мне патэлефанавалі і сказалі, што міністр прызначае мне сустрэчу.

Еўрарадыё: Пра што ішла размова на сустрэчы? Узнімаліся пытанні вашага ўдзелу ў BRUTTO, вольнага графіку трэніровак, праз што вас, уласна кажучы, і не ўключалі ў склад зборнай?

Віталь Гуркоў: Не, нічога такога не казалі. Сэнс размовы быў такі: “Вось, хатні чэмпіянат свету, мы хочам, каб ты прадстаўляў краіну на гэтых спаборніцтвах, а табе ж трэба падрыхтавацца. А як ты будзеш рыхтавацца — грошы збіраць на “Талацэ”? Мы запрашаем цябе на працу, і ў цябе ўсё будзе: медыцынскае забеспячэнне, экіпіроўка — мы цябе падрыхтуем, зробім усё для паспяховага выступу. Згодны, будзеш выступаць?” Я ж, канечне, згодны, сам таго ж хачу — выступаць у Мінску на хатнім чэмпіянаце свету! На тым паціснулі адзін аднаму рукі і дамовіліся.

Еўрарадыё: Гэта будзе, так бы мовіць, разавы кантракт з дзяржавай на ўдзел у чэмпіянаце ці вас цалкам аднавілі ў зборнай?

Віталь Гуркоў: Атрымліваецца, што мяне цалкам аднаўляюць: я ізноў буду спартсменам нацыянальнай каманды — буду рыхтавацца да спаборніцтваў, атрымаю фінансаванне на паездкі.

Еўрарадыё: Пасля перамогі на чэмпіянаце ў Тайландзе вы ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг. Не папярэджвалі, каб сябра нацыянальнай зборнай Гуркоў не дазваляў сабе такога ў будучыні?

Віталь Гуркоў: Не, гэтае пытанне ўвогуле не ўзнімалася.

Еўрарадыё: А самі што думаеце — які сцяг у выпадку перамогі ўзніміце?

Віталь Гуркоў: Не ведаю. Можа, гэтым разам увогуле будзе “Вясёлы Роджэр”!

Еўрарадыё: А ваша бел-чырвона-белая капа?

Віталь Гуркоў: Усё застаецца. Ніякіх умоваў мне не ставілі, а я сябе паводжу і буду паводзіць гэтак жа, як і раней. Мае перакананні і мой унутраны свет ніяк не змяніліся.

Еўрарадыё: Гастролі, канцэрты, рэпетыцыі з BRUTTO зможаце сумясціць з падрыхтоўкай да чэмпіянату свету?

Віталь Гуркоў: Усё гэта можна паспяхова сумяшчаць. Да ўсяго, цяпер мы ездзім па Беларусі, а не недзе па замежжы — не трэба зрывацца, адрывацца ад падрыхтоўкі і ляцець некуды далёка на канцэрт. Не, усё будзе спланавана. І час яшчэ да чэмпіянату ёсць, што выдатна. Да ўсяго, гэта звыклы для мяне рэжым падрыхтоўкі, я цягам двух апошніх гадоў так рыхтуюся да спаборніцтваў, сумяшчаючы падрыхтоўку з паездкамі ды гастролямі. І ўсё атрымлівалася. Трэнерскі штаб складае для мяне адмысловы план падрыхтоўкі і, нягледзячы на тое, дзе я знаходжуся, я заўжды раблю той кавалак працы, які павінен зрабіць у межах спартовай падрыхтоўкі.

Еўрарадыё: Ужо ведаеце, хто будзе для вас самым небяспечным сапернікам на гэтым чэмпіянаце свету?

Віталь Гуркоў: Канкрэтнае імя не назаву, але ведаю — сур’ёзных байцоў там будзе дастаткова.

Фота з акаўнта Віталя Гуркова на Фэйсбуку і Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі