Гуркоў звярнуўся да тых, каго "ў Расіі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне"
Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай, заслужаны майстар спорту Віталь Гуркоў апублікаваў зварот з-за пагрозы вайны. Беларускі спартсмен пасля падзей 2020 года вымушана з'ехаў ва Украіну.
"Мая Радзіма-Беларусь перажывае адначасова трывожныя і гістарычныя часы, — кажа Гуркоў. — У турмах тысячы маіх землякоў, сотні тысяч чалавек выехалі з краіны... За незалежнасць даводзіцца плаціць высокую цану, і незалежнасць пад пагрозай".
Спартсмена турбуе, што "палітычны рэжым... можа развязаць вайну з Украінай, бо для яго гэта стратэгічны шанц даўжэй утрымліваць уладу". Ён падкрэслівае, што "палітычныя тыраны, для якіх чалавечае жыццё нічога не вартае, гатовыя кінуць пад кулі і расіян, і маладых беларускіх хлопцаў". І гінуць будуць "простыя салдаты", а не "дзеці прадстаўнікоў палітычных элітаў".
Гуркоў звяртаецца да тых, "каго сёння ў Расіі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне". "Ведаю характар і баявы дух украінскага народа, страляць будуць з кожнага вакна, — папярэджвае ён. — І прагназую, што хутчэй за ўсё многія акупанты здабудуць на украінскай зямлі свой апошні прыстанак, а не ўзнагароды і трафеі".
Паводле слоў Гуркова, у выпадку вайны і ён, "і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны". "Бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі", — дадае спартсмен.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.