Гурт Avias завяршае працу над дэбютным альбомам "беларускамоўнага року"
На дыску будзе толькі адзін паўтор — трэк з першага ЕР, астатнія песні дпгэтуль ніколі не выдаваліся.
Гурт Avias амаль скончыў працу над дэбютным альбомам, які пакуль не мае назвы. Музыкі запісалі 12 трэкаў, праўда, колькі з іх трапіць на дыск, пакуль не вядома. Некаторыя з трэкаў альбома музыкі ўжо выконвалі падчас канцэртаў, але выдавацца амаль усе яны будуць упершыню. Толькі песня “Буду рады” выходзіла на першым ЕР Avias “Маяк” (2011).
“Мне падаецца, мы сталі больш свядома падыходзіць да стварэння песень, — распавядае пра альбом лідар гурта Раман Сухоцкі. — То бок, па сутнасці, гэта той жа беларускамоўны рок, з якога мы пачыналі, але мы пачалі больш эксперыментаваць з розным гукам і сталі больш дарослымі... Калі браць лірыку альбома, то гэта ўнутраныя пошукі звычайнага чалавека ў пытаннях кахання, сэнсу светаўтварэння... карацей, дастаткова стандартна!)”
Рэліз пласцінкі плануецца на бліжэйшую вясну і на дысках, і для вольнага доступу ў інтэрнэце. Пакуль жа музыкі прапануюць пазнаёміцца з новай праграмай на канцэрце 27 лютага ў клубе TNT.