Гурт Clover Club разагрэе акустычны канцэрт Дэвіда Браўна з Brazzaville

Вакалістка гурта Clover Club Вольга Цяшкевіч у дуэце з клавішніцай Наталляй Куніцкай “разагрэюць” акустычны канцэрт Дэвіда Браўна (Brazzaville) ў “Графіці”. Адмысловы электронны дуэт дзяўчаты ўжо прэзентавалі падчас фестывалі “Амбасовішча”

“Праўда, гэта была скарочаная праграма, якую мы цяпер вырашылі развіць, зрабіць даўжэйшай і выступіць з ёй ў “Графіці” разам з Дэвідам Браўнам, — распавядае Еўрарадыё Вольга Цяшкевіч.

Праграма электроннага сэта складаецца з рэміксаў на старыя і новыя песні Clover Club. Да таго ж, дзяўчаты сыграюць новую кампазіцыю, якая гучала ўсяго аднойчы.

“Мы рыхтуем яе у двух варыянтах: у электронным і жывым. Таму вы ўбачыце Clover Club з нечаканага боку! Наша мужчынская частка гурта ў гэты час будзе “зажыгаць” на танцпляцы і танчыць на барнай стойцы з хулахупам”.

Дзяўчаты мяркуюць, што парай канцэртаў жыццё дуэта не скончыцца. “У нейкай форме ён адназначна будзе жыць!” — смяецца Вольга.

Канцэрт працягнецца акустычным выступам лідара гурта Brazzaville Дэвіда Браўна, у якім Вольга выступіць у ролі бэк-вакалісткі. “Мы ўжо не раз так рабілі! Таму ўжо не страшна!” — смяецца спявачка і прыгадвае канцэрты, што адыграла разам з “Бразавілем” у Турцыі і Украіне цягам мінулага году. Вольга Цяшкевіч таксама брала ўдзел у запісе новага альбома гурта.

Канцэрт адбудзецца ў клубе “Графіці” 24 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі