Хамутоўскі: У Лізе Еўропы БАТЭ рэальна браць ачкі з усімі, асабліва дома
БАТЭ здольнае браць ачкі ў матчах групавога этапу футбольнай Лігі Еўропы, дзе сапернікамі барысаўчан будуць лонданскі “Арсенал”, “Кёльн” і бялградская "Црвена Звезда". Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў былы брамнік нацыянальнай зборнай Васіль Хамутоўскі, які выступаў у нямецкім чэмпіянаце.
Хамутоўскі: “Кёльн” — гэта каманда, якой вельмі важныя пазіцыі ў Бундэслізе. Таму для БАТЭ было б лепей, калі б у іх не ладзіліся справы ў чэмпіянаце Германіі. Тады будзе ратацыя складу, бо для нямецкіх клубаў стабільнасць і пазіцыя ў Бундэслізе нашмат важнейшая з фінансавага пункту гледжання, чым Ліга Еўропы. Што да “Арсенала”, то ў англічан дастаткова гульцоў на два турніры. Тым больш, што ў іх вялікі досвед гульні ў такім рэжыме, таму праблем узнікнуць не павінна. Таксама як і “Црвены Звезды” — гэта клуб з традыцыямі… Я скажу так: БАТЭ рэальна з усімі браць ачкі, асабліва ў хатніх матчах. Кожны новы выступ у групе еўракубкаў — гэта новая старонка ў гісторыі. І вось на фоне гэтых моцных еўрапейскіх клубаў можна рэальна ацэньваць узровень сваіх футбалістаў, прагрэсуюць яны ці не. Для ўсіх гэта будзе добры экзамен. У БАТЭ стаяла задача выхаду у групавы этап Лігі чэмпіёнаў ці Лігі Еўропы. Таму гэта таксама псіхалагічна ціснула на хлопцаў, было грузам у чэмпіянаце краіны. БАТЭ, што выйшла ў групу Лігі Еўропы, — гэта ўжо можа быць зусім іншае БАТЭ. Яны нарэшце могуць расслабіцца і спакойна гуляць, што таксама можа станоўча адбіцца і на ўнутраным чэмпіянаце”.
У сваю чаргу, галоўны трэнер моладзевай зборнай Беларусі па футболе Людас Румбуціс мяркуе, што БАТЭ будзе складана змагацца за выхад у плэй-оф. Але шанцы на гэта ёсць.
Румбуціс: “Я думаю, што будзе вельмі складана, хаця ўсе думалі, што і з “Ромай” будзе вельмі складана, але там бралі ачкі. Калі згуляюць з такой душой і з такой аддачай, як у матчы з “Александрыяй”, то чаму б і не. Натуральна, казаць, што мы будзем першымі ў групе, заўчасна, але і з “Црвенай Звездай”, і з “Кёльнам” — не святыя гаршчкі лепяць. Шанцы выйсці ў плэй-оф невялікія, але ёсць”.
У групавой стадыі Лігі Еўропы БАТЭ стартуе ўжо 14 верасня. У Бялградзе барысаўчане згуляюць супраць мясцовай “Црвены Звезды”. 28 верасня ў Беларусь прыедзе "Арсенал". Поўны каляндар глядзіце тут.