ХК "Дынама-Мінск" назбіраў толькі дзве пяцёркі на бліжэйшыя матчы

ХК "Дынама-Мінск" назбіраў толькі дзве пяцёркі на бліжэйшыя матчы

ХК "Дынама-Мінск" назбіраў толькі дзве пяцёркі на бліжэйшыя матчы. Гэта будуць таварыскія паядынкі са зборнай беларускіх клубаў экстралігі, у якой найлепшыя гульцы сталічнага "Юнацтва", гродзенскага "Нёмана" і салігорскага "Шахцёра". Серыя працягнецца да двух перамог. Першы паядынак — на "Мінск-Арэне" 26 лютага, пачатак у 19:30. Другі пачнецца ў той жа час 28 лютага на "Чыжоўка-Арэне". Калі спатрэбіцца трэці паядынак, ён пройдзе на "Мінск-Арэне".

Як інфармуе прэс-служба мінскага "Дынама", 25 лютага на трэніроўцы дынамаўцаў прысутнічалі толькі 13 гульцоў. Гэта брамнікі Карнавухаў і Хмыз, абаронцы Явенка, Знахарэнка, Бокун і Блум, форварды Цярэшчанка, Хаўдэн, Волкаў, Кавыршын, Кітараў, Літвінаў і Парфеявец. Куды ж зніклі астатнія? У сямі чалавек (Гатаўца, Восіпава, Паўловіча, Бута, Буйніцкага, Сцяпанава і Андрэя Касціцына) траўмы, у яшчэ сямі (Пулкінена, Драздова, Уіркаша, Когалева, Хенкеля, Лісаўца, Сяргея Касціцына) праблемы са здароўем.

У гэты час у зборнай клубаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава такіх праблемаў няма, у яе ёсць поўныя чатыры пяцёркі. Прэс-служба "Дынама" адзначае, што каманда ў такой сітуацыі не апускае рукі і гатовая "даць саперніку бой двума пяцёркамі".

Матчы паміж "Юнацтвам" і мінскім "Дынама" былі прызначаны пасля крытыкі, якую выказаў на адрас дынамаўцаў кіраўнік дзяржавы. Мяркуецца, што вынікі могуць паўплываць на склад кіраўніцтва "Дынама" ў новым сезоне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі