Хто быў "дармаедам" — і хто стаў "дармаедам": параўноўваем два дакументы

Хто быў "дармаедам" — і хто стаў "дармаедам": параўноўваем два дакументы

Да студзеня 2018 года, пакуль дзейнічаў дэкрэт №3, дзяржава магла залічыць вас у сацыяльныя ўтрыманцы праз 183 дні пасля таго, як вы згубілі працу. Пакараннем за "гультайства" была пошліна ў 20 базавых велічыняў. Цяпер "дармаедам" можна стаць раней — ужо праз тры месяцы. "Прыз" — камуналка па поўных тарыфах. Разбіраемся, у чым розніца паміж "старымі дармаедамі" з дэкрэта №3 і "новымі дармаедамі" з дэкрэта №1.

 

"Старыя дармаеды" гэта: 

 

— працаздольныя беларусы, якія цягам года працавалі менш за 183 дні.


Выключэнні: 

 

— асобы, якім не споўнілася 18 гадоў, пенсіянеры, інваліды, недзеяздольныя грамадзяне;


— бацькі, якія выхоўвалі дзіця да 7 гадоў (спачатку было да трох гадоў, потым узрост дзіцяці павялічылі), дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўнагадовых дзяцей;


— асобы, якія з'ехалі на ПМЖ у іншыя краіны, знаходзяцца за межамі Беларусі больш за 183 дні ў годзе;


— асобы, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу па прызыву, рэзервісты альбо ўдзельнікі вайсковых збораў, не менш за 183 дзён у годзе;


— творчыя работнікі  з членствам у творчым саюзе ці адмысловым статусам ад Мінкульта;


— асобы, якія знаходзяцца ў турмах;


— асобы, якія працуюць па кантракту, па дамове найму;


— асобы, якія адпрацавалі сезон сезонных працаў;


— асобы, якія выконваюць працы па грамадзянска-прававых дамовах, натарыусы, ІП, рамеснікі;


— асобы, якія вядуць уласную гаспадарку, зарэгістраваную па месцы жыхарства, і тыя, хто працуе ў такой гаспадарцы па працоўным найме ці на ўмовах сяброўства;


— студэнты дзённай формы навучання, апроч тых, хто атрымлівае дадатковую адукацыю;


— выпускнікі ўстаноў адукацыі, што накіроўваюцца на месца працы па размеркаванні ці накіраванні на працу, на перыяд прадастаўлення адпачынку;


— зарэгістраваныя беспрацоўныя, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку ці павышэнне кваліфікацыі па накіраванні адпаведных дзяржаўных органаў;


— святары і манахі;


— асобы, якія атрымліваюць пенсіі, дапамогі з рэспубліканскага бюджэту;


— вайскоўцы, рэзервісты і ваеннаабавязаныя, якія ўдзельнічаюць у зборах.

Цяпер дармаедаў перайменавалі ў асобаў, якія не ўдзельнічаюць у эканоміцы краіны. Але галоўны прыватны спец-адвакат па дармаедах Леанід Судаленка мяркуе, што, каб вас залічылі ў шэрагі беспрацоўных, трэба забіць на ўсё і ўвогуле нічога не рабіць: 

Хто быў "дармаедам" — і хто стаў "дармаедам": параўноўваем два дакументы

"Патрапіць у спіс незанятых у эканоміцы вельмі цяжка. Чалавек павінен увогуле нічога ў жыцці не рабіць, а стаяць ад ранку каля піўных крамаў і чакаць іх адкрыцця. Гэтых людзей будзе вельмі мала. У разы меней, чым было дармаедаў. Іх жа было палова мільёна, лісты шчасця атрымалі каля 470 тысяч чалавек. А цяпер гэтых людзей будзе вельмі мала. Не больш за 100 тысяч". 

У новым Дэкрэце №1 азначэнне занятых у эканоміцы беларусаў не змянілася. Але спіс тых, хто не з'яўляецца "дармаедам", выглядае па-новаму.


Не з'яўляюцца "дармаедамі" часова: 

 


— асобы, якія звольніліся ці якіх звольнілі — на працягу квартала, наступнага за кварталам, у якім спынены працоўныя адносіны. Калі за наступны квартал працу знайсці не атрымалася — усё, сацыяльны ўтрыманец. Што праўда, тыя, хто патрапіў пад скарачэнне ці вымушаны быў звольніцца па стане здароўя, маюць права шукаць новую працу цягам шасці месяцаў з даты звальнення;


— вайскоўцы ці супрацоўнікі ваенізаваных арганізацый, рэзервісты і альтэрнатыўшчыкі — цягам шасці месяцаў з моманту перарывання адносінаў з працадаўцам. Пасля яны таксама мусяць працаўладкавацца;


— муж (жонка) ваенаслужачага, які праходзіць ваенную службу па кантракце, маладога спецыяліста, які прыступіў да працы па размеркаванні: у перыяд іх сумеснага пражывання ў мясцовасцях, дзе адсутнічае магчымасць  працаўладкавання;


— грамадзяне Беларусі, якія вярнуліся жыць у нашу краіну, замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі — усе яны мусяць знайсці працу цягам шасці месяцаў;


— выпускнікі дзённай формы навучання. Ім неабходна знайсці працу да канца года, у якім быў атрыманы дыплом аб адукацыі.


Не з'яўляюцца "дармаедамі" ўвогуле:

 


—інваліды, недзеяздольныя і тыя, хто мае права на пенсію па інваліднасці ці ў выпадку згубы кармільца атрымлівае страхавыя выплаты з-за няшчаснага выпадка на вытворчасці;
— асобы, якія атрымліваюць пенсіі (у тым выпадку і з іншых краінаў), дапамогу з ФСАН ці дапамогу па часовай непрацаздольнасці;


— алімпійскія чэмпіёны, якім дзяржава плаціць стыпендыю;


— асобы, якія здаюць у найм жылыя і нежылыя памяшканні і плацяць за гэта падаходны падатак;


— асобы, якія выконвалі на працягу поўнага сезона сезонныя працы;


— людзі, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам арганізацый аховы здароўя, напрыклад, пачас цяжарнасці і родаў ці падчас прымусовага лячэння.


Частка з новых "недармаедаў" тэарэтычна могуць патрапіць у базы беспрацоўных. Тады яны мусяць збіраць дакументы і ісці на паклон у камісіі. А там даводзіць, што яны ці цяжарныя, ці шукаюць працу, ці жанатыя на ваеннаабавязанай. Камісія, як любяць казаць чыноўнікі, "у індывідуальным парадку будзе разглядаць сітуацыю". Калі довады будуць пераканаўчымі — камісія пойдзе насустрач і вызваліць ад выплаты камуналкі па поўных тарыфах.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі