Што трэба ведаць пра Уладзіміра Зяленскага перад сённяшнімі дэбатамі ва Украіне
Reuters
Па матэрыялах "Громадского"
21 красавіка ва Украіне пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Выбаршчыку трэба будзе выбраць паміж цяперашнім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і акцёрам без вопыту ў палітыцы Уладзімірам Зяленскім. Па прагнозах, перамога Зяленскага больш верагодная: за яго гатовыя прагаласаваць 73 адсоткі выбаршчыкаў, якія ўжо вызначыліся з выбарам; аддаць свой голас за Парашэнку плануюць галасаваць 27 адсоткаў. Увечары 19 красавіка ў Кіеве на стадыёне "Алімпійскі" пройдуць дэбаты паміж двума кандыдатамі. Пра дату і месца іх правядзення было шмат спрэчак, але ў Парашэнкі і Зяленскага атрымалася дамовіцца.
Коратка пра Зяленскага
Уладзіміру Зяленскаму 41 год, у яго салідны паслужны спіс у шоў-бізнесе, але нулявы вопыт у публічнай палітыцы.
Магчымы будучы прэзідэнт Украіны вядомы перш за ўсё па працы ў праектах крэатыўнай студыі "Квартал 95", у прыватнасці, па тэлесерыяле "Слуга народа", які да гэтага часу паглядзелі каля дваццаці мільёнаў жыхароў Украіны. Ён там грае настаўніка гісторыі Васіля Галабародзьку, які выпадкова становіцца прэзідэнтам краіны. Права на паказ серыяла купіў Netflix.
Сувязі з алігархам
Зяленскага неаднаразова абвінавачвалі ў тым, што за ім стаіць ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі. Апанент гэтага кандыдата Пётр Парашэнка кажа, што ў выпадку абрання Зяленскі будзе дзейнічаць па ўказцы алігарха. Комік гэта адмаўляе.
У перадвыбарчай кампаніі актыўна ўдзельнічала студыя "Квартал 95", Зяленскі з'яўляецца яе сазаснавальнікам. Шоу, якія вырабляе студыя, выходзяць на канале "1+1", які належыць Каламойскаму.
Агенцтва Reuters правяло расследаванне пра сувязі кандыдата ў прэзідэнты з алігархам і, вывучыўшы базы даных рэгістрацыі транспартных сродкаў, высветліла, што ў лідара перадвыбарнай гонкі і ў мільярдэра шмат агульнага.
Так, у Зяленскага з Каламойскім ёсць агульныя дзелавыя партнёры; людзі ў ахове Зяленскага раней ахоўвалі Каламойскага; былы дарадца Каламойскага працуе ў штабе Зяленскага; кандыдат у прэзідэнты і яго асяроддзе выкарыстоўваюць як мінімум два аўтамабілі, якія належаць людзям або структурам, звязаным з Каламойскім. Аднак, Reuters падкрэслівае, што "ні адно з гэтых сведчанняў не паказвае на тое, што Каламойскі фінансуе перадвыбарчую кампанію Зяленскага або аказвае на яго ўплыў".
Расійскія грошы?
Абвінавачванні ў адрас Зяленскага гучалі ў сувязі з яго удзелам у капітале расійскіх кінакампаній. Таксама журналісты высветлілі, што ў яго ёсць незадэклараваная віла ў італьянскім мястэчку Фортэ-дэй-Мармі, папулярным у багатых і ўплывовых расіян.
Вайна, НАТА і Расія
Абвінавачванні, здаецца, не моцна адбіліся на рэпутацыі лідара прэзідэнцкай гонкі.
Стаўшы самым верагодным кандыдатам на пасаду прэзідэнта, ён працягвае заставацца ў вобразе дурнаватага школьнага настаўніка з тэлесерыяла — нібыта чалавек, далёкі ад свету бруднай палітыкі, але гатовы сумленна ў гэтым прызнацца.
Зяленскі не хавае, што не мае адказаў на складаныя пытанні, якія стаяць перад краінай. Напрыклад, у кандыдата няма плана хуткага спынення вайны на ўсходзе Украіны. Пытанне пра уступленне ў НАТА ён прапануе вырашыць на ўсеўкраінскім рэферэндуме. Што да Расіі, Зяленскі лічыць, што яна абавязаная кампенсаваць Украіне ўсю шкоду, прычыненую ў апошнія гады :
"Калі я сустрэнуся са спадаром Пуціным, я яму скажу: нарэшце вы вярнулі нашы тэрыторыі, колькі гатовыя яшчэ кампенсаваць грошай за тое, што адабралі нашы тэрыторыі і дапамагалі людзям, якія бралі ўдзел у эскалацыі Крыма і Данбаса, дапамагалі ім на гэтым страшным, жорсткім , дрэнным шляху", — сказаў Зяленскі, адказваючы на пытанне "Громадского".
Што кажуць на Захадзе
У апанента Зяленскага Пятра Парашэнкі выдатныя адносіны з заходнім істэблішментам. Аглядальнікі незалежнага украінскага тэлеканала "Громадское" мяркуюць, што Еўрасаюз палічыў бы за лепшае не мяняць коней на пераправе, і таму ставіцца да Зяленскага з некаторай насцярожанасцю.
Аднак вынікі першага тура выбараў і ў прыватнасці тое, што Зяленскі атрымаў перавагу ў большасці рэгіёнаў Украіны і амаль такую ж падтрымку сярод вайскоўцаў, як і дзеючы прэзідэнт, прымусіла Захад зразумець, што перад імі сур'ёзны кандыдат.
Заходнія эксперты разглядаюць вынікі галасавання ва Украіне як частку агульнасусветнай тэндэнцыі.
"Пад'ём Зяленскага супаў з тым, што выбаршчыкі ва ўсім свеце змянілі статус-кво. Да ўлады прыходзяць сілы, якія выступаюць супраць істэблішменту — як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і італьянскі рух “Пяць зорак”", — піша Reuters.
Галоўны выклік для будучага прэзідэнта — канфлікт з Расіяй. Для інвестараў таксама важна, каб наступны прэзідэнт правёў у краіне неабходныя рэформы, лічаць эксперты Reuters.
"Ва Украіне спрацавала сапраўдная, хоць і праблемная дэмакратыя. Гэта, магчыма, самы важны аспект выбараў, — піша амерыканская The New York Times. — У адрозненне ад "пацёмкінскіх" выбараў у суседніх Расіі і Беларусі, канкурэнцыя ва Украіне дала выбаршчыкам рэальны выбар з невядомым загадзя вынікам".