Human Rights Watch: Ва Украіне абодва бакі ўжывалі касетныя бомбы
Савет па нацыянальнай бяспецы і абароне Украіны абвяргае звесткі міжнароднай праваабарончай арганізацыі.
Human Rights Watch абвінаваціла ўкраінскія войскі ў выкарыстанні касетных бомбаў пры абстрэлах Данецка на пачатку кастрычніка. У дакладзе праваабарончай арганізацыі гаворыцца, што больш за дзясятак населеных пунктаў на ўсходзе Украіны, уключаючы Данецк, на пачатку сёлетняга кастрычніка былі абстраляныя касетнымі бомбамі.
Па словах праваабаронцаў, якія перадае ВВС, у кожным выпадку немагчыма адназначна выявіць, які з бакоў канфлікту нясе адказнасць за прымяненне забароненай міжнароднымі канвенцыямі зброі. Але ёсць сведчанні таго, што ў шэрагу выпадкаў касетныя боепрыпасы выкарыстоўвалі ўрадавыя войскі.
У Human Rights Watch кажуць, што яны бачылі неразарваныя касетныя бомбы як на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі, так і на тэрыторыях пад кантролем урадавых войскаў.
Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка на брыфінгу ў Кіеве абверг высновы дакладу HRW. Па словах Лысенкі, "украінскія войскі не абстрэльваюць жылыя кварталы". На яго думку, праваабаронцы сталі ахвярамі непраўдзівага інфармавання.
Фота — HRW