Ідзе стабілізацыя захворвання — Піневіч пра сітуацыю з COVID у Беларусі
Дзмітрый Піневіч / БЕЛТА
Пацыентаў з COVID, якім патрэбна шпіталізацыя, стала крыху менш, паведамляе прэс-служба міністэрства аховы здароўя са спасылкай на кіраўніка ведамства Дзмітрыя Піневіча.
"Мы цяпер бачым як мінімум стабілізацыю захворвання. Аб гэтым гаворым ужо на працягу месяца. Апошні тыдзень — лёгкае зніжэнне колькасці шпіталізацый", — сказаў ён.
Піневіч лічыць, што на стабілізацыю сітуацыі ўплываюць сезонны фактар і вакцынацыя. Ён сказаў, што "тэмпы вакцынацыі будуць павялічвацца".
Паводле звестак міністэрства аховы здароўя, на гэты момант першую дозу вакцыны супраць COVID-19 у Беларусі атрымалі больш за 490 тысяч чалавек. Каля 295 тысяч — прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Гэта значыць, што ў маі першую дозу вакцыны атрымала менш беларусаў, чым за тры тыдні красавіка, калі прышчэпачная кампанія толькі стартавала. Нагадаем, на 30 красавіка першую дозу атрымалі больш за 291,5 тысячы чалавек. За 27 дзён мая — толькі каля 200 тысяч. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў пачатку траўня ў шэрагу паліклінік Мінска ўзнікалі складанасці з даступнасцю вакцыны – яе альбо не было, альбо быў абмежаваны выбар.
Тым не менш, да канца года беларускія ўлады разлічваюць прышчапіць ад каранавіруса не менш за 60 адсоткаў насельніцтва краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.