"Іх справакавалі" — пачаўся суд па справе аб пашкоджаным аўто супрацоўніка ДВП

Пашкоджаны аўтамабіль / прэс-служба МУС РБ​
Пашкоджаны аўтамабіль / прэс-служба МУС РБ​

У судзе Мінскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы аб пашкоджаным аўтамабілі супрацоўніка міліцыі. Пацярпелы Аляксандр Гейц працуе ў сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў, ён намеснік начальніка аднаго з аддзелаў ДВП МУС Беларусі. Жонка таксама раней працавала ў ДВП, але цяпер працуе ў Акадэміі МУС, расказвае TUT.BY.

Гейц на судзе прызнаўся, што не разумее, чаму пацярпеў менавіта ягоны аўтамабіль. Усё адбылося ў ноч на 29 верасня ў Баравой. Каля 4 раніцы яму патэлефанавалі і папрасілі падысці на стаянку. Там ён убачыў СОБР і чатырох мужчын, якія ляжалі тварам уніз.

"Я спытаў, навошта яны гэта зрабілі, бо гэта машына простага супрацоўніка, які не мае дачынення ні да якіх мерапрыемстваў, а яны маўчалі. Я разумеў, што была гэта нейкая спецаперацыя [сілавікоў], але мне нічога пра яе не казалі. Чаму гэта са мной адбылося, не разумею да гэтага дня", — сказаў Гейц у судзе.

Машына была падрапаная і аблітая фарбай, колы прабітыя, Дзвярныя пралёты і выхлапная сістэма залітыя мантажнай пенай. На відэа, якое па гарачых слядах у верасні апублікавала агенцтва БЕЛТА, было відаць, што мужчын затрымлівалі са стральбой. Паведамлялася, што затрыманых пяцёра. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся. Адзін з затрыманых з скрываўленай галавой казаў на відэа, што памыліўся ў палітычных поглядах.

У судзе высветлілася, што на справу ішлі дзевяць чалавек: пяцёра абвінавачаных і чацвёра тых, каго знайсці не ўдалося. Усе яны былі ўдзельнікамі аднаго чата. Таксама з матэрыялаў справы стала зразумела, што за абвінавачанымі ўжо назіралі, усе размовы падчас іх сустрэч напярэдадні, 28 верасня, запісваліся на дыктафон. 

Сваякі абвінавачаных лічаць, што "невядомыя" асобы былі правакатарамі, якія падштурхнулі абвінавачаных да супрацьпраўных дзеянняў. Хто менавіта быў ініцыятарам пашкодзіць аўто, абвінавачаныя так і не ўспомнілі, затое ўсе яны ўпэўнена кажуць, што "дзейнічаць жорстка" прапанаваў адзін з нявысветленых хлопцаў, які прыехаў на Audi.

Разгляд справы працягнецца 22 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі