Іх норавы: злілі зыходнікі "Яндэкса", Кім Чэн Ын у запоі, электракар ад Xiaomi
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Паводле слоў даследчыкаў і навукоўцаў, чалавека цікавяць толькі тыя навіны, якія тычацца яго сацыяльнай групы, месца яго пражывання або сексу. Але ў свеце адбываецца безліч усяго цікавага, што не ўпісваецца ў гэтую парадыгму. Мы збіраем кожны тыдзень навіны, якія трапілі на старонкі сусветных СМІ, але засталіся незаўважанымі ў Беларусі. Пачытайце, каб было што абмеркаваць сёння вечарам у бары з сябрамі.
А калі не ўмееце чытаць, то слухайце нас на любой зручнай платформе.
У інтэрнэт выклалі зыходнікі "Яндэкса" — 44 гігабайты ў сціснутым выглядзе
На адным з форумаў у інтэрнэце, прысвечаным злівам баз дадзеных і адчувальнай інфармацыі, выклалі 83 архівы зыходнага кода амаль усіх сэрвісаў "Яндэкса". Ад пошуку і карт да "Алісы" і таксі. На шчасце, карыстальніцкіх дадзеных там не аказалася, затое ўсім ахвочым сталі даступныя самапісныя ўнутраныя інструменты, шмат дакументацыі. Самую вялікую цікаўнасць энтузіясты праявілі да папкі галасавога памочніка "Аліса". Там знайшлі шмат розных скрыптоў для яе навучання, фрагментаў навучальных дадзеных і г. д. Ёсць выбаркі рэальных (ананімных) запытаў карыстальнікаў да "Алісы", якія літаральна зрабіліся мемамі.
Забавные данные для Алисы в слитых исходниках Яндекса pic.twitter.com/XwiO6BtXoC
— Dmitry Patsura (@ovrweb) January 26, 2023
На самім форуме ў каментарах аўтар файлаў прызнаўся, што ён былы супрацоўнік "Яндэкса" і запампаваў усе файлы яшчэ летам 2022 года. Сама кампанія пацвердзіла ўцечку і выпусціла прэс-рэліз.
"Ніякага ўзлому "Яндэкса" не было. Служба бяспекі "Яндэкса" выявіла ў адкрытым доступе фрагменты кода з унутранага рэпазіторыя. Аднак іх змест адрозніваецца ад бягучай версіі рэпазіторыя, якая выкарыстоўваецца ў сэрвісах "Яндэкса".
Рэпазіторый – гэта адзін з інструментаў для распрацоўкі ўнутры большасці кампаній, які даступны іх распрацоўнікам. Рэпазіторыі патрэбныя для працы з кодам і не прызначаныя для захоўвання персанальных дадзеных карыстальнікаў. Мы праводзім унутранае расследаванне", — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Характэрна, што ва ўсіх файлах і папках ва ўсіх архівах стаіць дата стварэння 24 лютага 2022.
Чыхуахуа пражыў 23 гады і ўсталяваў сусветны рэкорд доўгажыхарства сярод сабак
Чыхуахуа, сабачка, які жыве на ферме Рыты Кімбал, зрабіўся самым старым сабакам у свеце, усталяваўшы рэкорд у 23 гады або 161 год у чалавечым вылічэнні. Сабаку клічуць Спайк. Яго гаспадыня тлумачыць дзіўнае даўгалецце штодзённай руцінай: Спайк прачынаецца ў 7 раніцы, есць каўбасу і сыр на вячэру і ласуецца чыпсамі "Дарытас", а кожную раніцу робіць шпацыр па ферме, наведваючы коней і кароў і часам катаючыся на трактары. У суботні вечар ён атрымлівае асалоду ад гарачай ванны.
Сабака-доўгажыхар / Guinness World Records
Гаспадыня Рыта кажа, што "калі ён быў маладзейшы, ён спрабаваў палохаць кароў і коней, брахаў і спрабаваў іх пераследваць. Цяпер яны проста глядзяць на яго і нават не варушацца".
Ілан Маск змяніў сваё імя ў твітары на "Mr. Tweet", а цяпер не можа вярнуць усё назад
Ілан Маск ламае твітар не толькі сваімі недальнабачнымі рашэннямі, але і проста спрабуючы карыстацца сваёй жа сацыяльнай сеткай. Прадпрымальнік нядаўна вырашыў змяніць сваё імя ў твітары на "Містар Твіт". Гэта адбылося пасля таго, як яго адвакат назваў яго "містарам Твітам" падчас суда па справе аб акцыях Tesla. Але ў далейшым выявілася, што ён не можа вярнуць назад сваё імя.
Changed my name to Mr. Tweet, now Twitter won’t let me change it back 🤣
— Mr. Tweet (@elonmusk) January 25, 2023
Гэта выклікала сумневы ў людзей адносна таго, як ён змог змяніць сваё імя ў твітары і пакінуць сінюю галачку на сваёй старонцы. А хтосьці параіў Містару Твіту паскардзіцца Ілану Маску.
Кампанія Xiaomi заявіла пра выпуск свайго першага электракара
Дарэчы, пра Tesla. Акцыі кітайскай кампаніі Xiaomi падраслі на 12% на фоне зліву фатаграфій першага кітайскага электракара. Фатаграфіі вонкавага дызайну электракара пачалі распаўсюджвацца ў кітайскай сацыяльнай сетцы Weibo. Xiaomi заявіла, што фатаграфіі з'яўляюцца толькі папярэднім варыянтам вонкавага выгляду электракара і што ўцечка інфармацыі адбылася па віне пастаўшчыка.
Кіраўніца аддзела даследаванняў у сферы рознічнага гандлю ў брокерскай кампаніі MIB Securities Сонія Лі мяркуе, што намер Xiaomi паўтарыць свой поспех у вытворчасці смартфонаў на рынку электрамабіляў выглядае рацыянальна.
Імаверна, першы электракар ад Xiaomi на кітайскіх вуліцах / Weibo
Яна ўказвае на тое, што кампанія можа выкарыстоўваць свае тэхналогіі, праграмнае забеспячэнне і кліенцкую базу, каб стварыць экасістэму, звязаную з электрамабілямі. Аднак Лі таксама ўказвае на вялікі аб'ём капітальных выдаткаў, неабходны для дасягнення гэтай мэты. Кампанія можа звярнуцца да сваіх інвестараў або партнёраў, каб атрымаць дадатковыя сродкі.
Акрамя таго, кампанія можа выкарыстоўваць сваю сур'ёзную рэпутацыю і папулярнасць сярод кліентаў, каб сабраць неабходны капітал. У любым выпадку, варта чакаць, што Xiaomi будзе рабіць усё магчымае, каб дасягнуць сваіх мэтаў на рынку электрамабіляў.
Экспертка таксама мяркуе, што Xiaomi давядзецца ўступіць у прамую канкурэнцыю з Tesla.
Журналісты мяркуюць, што Кім Чэн Ын пачаў злоўжываць алкаголем праз крызіс сярэдняга ўзросту
Адразу тры больш-менш сур'ёзныя выданні — Mirror, The Telegraph і Daily Star — перадаюць словы крыніц, звязаных з лідарам Паўночнай Карэі, што Кім Чэн Ын знаходзіцца ў крызісе сярэдняга ўзросту і праз гэта злоўжывае алкаголем.
Кім Чэн Ын / Jorge Silva / AP
У справаздачы журналістаў гаворыцца, што Кім Чэн Ын змагаецца з лішняй вагой, з'яўляецца заўзятым курцом і п'е моцныя спіртныя напоі і віно. Дактары і яго жонка раяць яму перастаць піць і заняцца спортам, аднак ён, відаць, ігнаруе іх просьбы.
"Я чуў, што ён плача пасля таго, як шмат вып'е. Ён вельмі адзінокі і знаходзіцца пад жудасным ціскам", — кажа доктар Чхе Джынвук з Сеула, які сутыкаўся з Кімам.
Смерць яго бацькі ад сардэчнай недастатковасці ў 2011 годзе можа граць істотную ролю ў яго стане.
Сёлета дзень нараджэння Кім Чэн Ына прайшоў без асаблівых мерапрыемстваў і пышных дзяржаўных святкаванняў. Хоць афіцыйныя звесткі пра дзень нараджэння паўночнакарэйскага лідара недасяжныя, прадстаўнікі Паўднёвай Карэі сцвярджаюць, што ён нарадзіўся 8 студзеня 1984 года і на момант напісання артыкула яму споўнілася 39 гадоў.
Усе мы трошкі Кім Чэн Ын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.