Іллю Двойрына, які абліў фарбай аўтамабіль з літарай "Z", зноў арыштавалі
Ілля Двойрын
Жыхара Наваполацка Іллю Двойрына, якога нядаўна асудзілі за абліты фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай "Z", зноў затрымалі 4 кастрычніка наўпрост на працы, паведамляюць праваабаронцы. На мужчыну склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак.
28 верасня суд горада Наваполацка прызнаў 53-гадовага Двойрына вінаватым у "хуліганстве" і прызначыў работніку "Нафтана" 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.
Навапалачаніна затрымалі 4 ліпеня разам з сынам Дзмітрыем, нявесткай Вікторыяй ды іншымі сваякамі. Спярша мужчыну арыштавалі на 15 сутак за расклейку антываенных улётак, а потым распачалі крымінальную справу за акцыю, праведзеную 1 ліпеня. Ілля Двойрын тады зрабіў заўвагу ўладальніку Z-аўтамабіля прарасійскаму актывісту Сяргею Юдаеву, якога пабачыў п'яным за рулём. Той запісаў яго нумар. А калі пабачыў сваю машыну запэцканай фарбай, згадаў пра канфлікт і звярнуўся ў міліцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.