Інды-музыка ў абмен на цукеркі
Дабрачынны прект “Каліласка” зладзіў калядны канцэрт, уваходнымі білетамі на які былі цукеркі.
Чарговы дабрачынны канцэрт “Каліласка” гэтым разам прысвечаны навагоднім святам. На адмысловай сцэне граюць музыкі з так званай новай плыні “індзі-рокераў” — The Praga, She-Wolf і Super Besse. На ўваходзе — вялікі стол, куды ўсе наведвальнікі імпрэзы складаюць цукеркі для дзяцей з Асіповічскага дома-інтэрната. Побач са сталом — так званы гардэроб, куды адным стосам прысутныя скідаюць курткі. Тая ж “індзі-атмасфера” пануе ва ўсім памяшканні крэатыўнай прасторы пад назвай “ЦЭХ” — гледачы акружаюць невялічкую сцэну ды абмяркоўваюць ідэю праекта, а заадно і фотавыставу “World Press Photo”, якая праходзіць у суседнім памяшканні.
“Мы вырашылі арганізоўваць такія мерапрыемствы, бо у нас ёсць пляцоўка і ёсць шмат беларускіх каманд, якія не так часта маюць магчымасць выступаць, — распавядае куратар праекта “Каліласка” Алеся Пчолка. — Гэта нас аб’ядноўвае і дапамагае распавядаць людзям пра наш праект. Самае цудоўнае ў гэтым, што людзі самі вырашаюць, колькі яны хочуць заплаціць за канцэрт. Я пакуль не ведаю, колькі мы сабралі цукерак, але здаецца, што нечакана многа”.
Гэта трэці падобны канцэрт “Каліласка”: падчас першага праекту каманда збірала школьныя прылады, а ў другім — дапамагала сабраць корм для бяздомных сабак ды катоў.
Гэтым разам, кажуць арганізатары, стаўка рабілася на гурт Super Besse, таму і лайн-ап фарміравалі менавіта ў гэтай плыні. І не прагадалі, паглядзець на “індзі-кактэйль” набілася поўная пляцоўка.
“Новае месца, новыя людзі — гэта заўжды цікава, — кажуць музыкі гурта The Praga, якія толькі адыгралі свой сэт. — Ды і паўдзельнічаць у дабрачынных канцэртах рэдка атрымліваецца. А самастойна ўзяць і паехаць некуды, напрыклад, у інтэрнаты — няма часу. Таму мы вельмі рады паўдзельнічаць у сённяшнім праекце”.
Але ўсё ж галоўнай “прынадай” вечара з’яўляюцца загадкавыя музыкі свежага мінскага праекту Super Besse, для якіх выступ на пляцоўцы “Каліласка” — першы мінскі канцэрт (Super Besse — праект музыкаў двух мінскіх гуртоў, THE BLACKMAIL і THE STAMPLETONS). Натуральна, жартуюць хлопцы, гэта проста збег абставінаў, але музыкі задаволеныя месцам і антуражам. У бліжэйшых планах Super Besse — выступы ў Маскве і Кіеве, а вось у Мінску, скардзяцца музыканты, пакуль не запрашаюць выступаць. Таму ўсе сілы гурт кідае на працу над альбомам — пакуль у калекцыі гурта ўсяго 4 кампазіцыі:
“У нас усё адбываецца экспромтам: пачынаючы ад таго, як мы сабраліся, і заканчваючы канцэртамі, на якія нас запрашаюць ды тымі кампазіцыямі, якія ўжо напісаныя”.
Пакуль хлопцы “чэкаюцца”, гледачы горача абмяркоўваюць новы праект:
“Мы не часта тут бываем, але вось таксама прынеслі цукеркі, хоць на самой справе, я ехаў паслухаць канкрэтна Super Besse і патусіць з сябрамі, — кажа хлопец у натоўпе. — Натуральна, прывабілі гурты, якія сёння тут граюць. Выходныя ўсё ж, чаго сядзець дома!”
Сачыць за падзеямі і акцыямі праекта “Каліласка” можна на афіцыйных старонках у Фэйсбуку і Вконтакте