Іван Кірчук правёў гледачоў па сваёй "Дарожцы" (фота)
22 лістапада ў Тэатры эстрады ў Мінску Іван Кірчук прадставіў монаспектакль "Дарожка". У ім музыка вандруе па дарожках, якімі хадзілі продкі. Лідар гурта "Троіца" закранае важныя моманты жыцця чалавека, спалучае іх з прыроднымі з'явамі, святамі беларускага календара, філасофіяй, рытуаламі і старадаўнімі архаічнымі песнямі і музычнымі інструментамі з усяго свету.
"Дарожка — гэта монаспектакль пра жыццё чалавека ад пачатку да смерці, — тлумачыць Кірчук. — Яна пачынаецца з калыханкі, бо жыццё кожнага чалавека пачынаецца з калыханкі. А маё жыццё пачалося з першай фальклорнай экспедыцыі ў 1983 годзе. З таго часу мая дарожка змяняецца. Я не толькі запісваю, слухаю і вывучаю беларускі фальклор, яшчэ маю магчымасці паказаць яго за межамі. Там жа набываю і розныя інструменты, і яны гучаць разам з беларускімі народнымі песнямі. Таму што гэта — мая дарожка".