Ізраіль атакаваў расійскую авіябазу ў Сірыі, дзе была зброя для "Хезбалы"
Верагодная ізраільская атака на расійскую авіябазу Хмейнім у Сірыі
Уначы Ізраіль нанёс серыю бомбавых удараў па адзінай у Сірыі расійскай авіябазе Хмейнім. Так ізраільцяне спрабавалі знішчыць партыю іранскай зброі, прызначанай ліванскай "Хезбале", піша Bild.
Магутныя выбухі на авіябазе трапілі на фота і відэакадры відавочцаў з ысірыйскага горада Джэбла — адлегласць паміж ім і авіябазай складае пяць кіламетраў. Праз нейкі час пасля выбухаў чальцы "Хезбалы" і сірыйскія журналісты заявілі, што ізраільскія самалёты атакавалі расійскую базу.
Журналіст сірыйскай тэлерадыёкампаніі Syria TV Абдулла аль-Муса напісаў, што ізраільская атака пачалася праз гадзіну пасля таго, як на базу прыбыў іранскі самалёт грузавой авіякампаніі Qeshm Fars Air.
Паводле інфармацыі Bild, самалёт пад выглядам гуманітарнай дапамогі для ліванцаў прывёз зброю.
Паводле іншых звестак, іранская зброя магла быць знішчаная за 700 метраў ад расійскай базы, дзе яна захоўвалася пасля дастаўкі іранскім самалётам. Пры гэтым расіяне нібыта спрабавалі збіць ізраільскія ракеты, але беспаспяхова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.