Беларусам, якія хочуць трапіць у ЕС, дазволяць рабіць платныя тэсты на COVID-19
Еўрасаюз дазволіў уезд у свае межы грамадзянам дзяржаў, у якіх колькасць заражэнняў COVID-19 не перавышае 25 чалавек на 100 тысяч жыхароў. У Беларусі пакуль што — больш за 470 чалавек на 100 тысяч. Таму нашая краіна пакуль што не трапіла ў спіс дзяржаў, для якіх Еўрасаюз вырашыў адкрыць межы.
Аднак нашыя суграмадзяне ўсё ж могуць выехаць за заходнюю мяжу. У адпаведнасці з рэкамендацыяй СААЗ краіны ЕС могуць прымаць грамадзян з "небяспечных" краін пры наяўнасці даведкі аб адсутнасці каранавіруса. "Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавала такія даведкі на падставе рэкамендацый СААЗ на рускай і англійскай мовах і гатовае выдаваць па неабходнасці", — паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.
Экспрэс-тэст будзе платным: для грамадзян Беларусі — 41 рубель 38 капеек, для замежнікаў — 56 рублёў 63 капейкі. Падставай для яго правядзення і выдачы адпаведнай даведкі будзе аплачаны квіток у краіну ЕС і назад.
Цяпер Мінздароўя вызначае пералік паліклінік, дзе можна будзе здаць тэст і атрымаць даведку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.