Кацярына Андрэева: буду шчаслівая незалежна ад прысуду, бо сумленне маё чыстае
Журналістка "Белсата" Кацярына Андрэева (Бахвалава), якая знаходзіцца пад вартай, праз адваката перадала зварот для грамадскасці.
"Мая справа сфабрыкаваная, прычым сфабрыкаваная вельмі няўмела. Я лічу гэта помстай спецслужбаў за прафесійную журналісцкую дзейнасць.
15 лістапада мяне затрымалі паводле злачыннага загаду. У той дзень сілавікі казалі мне: "Ты больш не будзеш весці свае стрымы ніколі!". Паводле іхнай задумы, зняволенне павінна было зламаць мяне і прымусіць засумнявацца ў правільнасці абранага шляху. Аднак нічога падобнага не адбылося. Гэты час у СІЗА толькі загартаваў мой характар. А неверагодная падтрымка з волі напаўняла радасцю кожны дзень.
Я буду шчаслівая незалежна ад прысуду, бо сумленне маё чыстае, а праўду казаць лёгка і прыемна", — цытуе ТГ-канал "Белсата" ліст Кацярыны.
Суд Над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай пачнецца 9 лютага. Журналістак затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі стрым з "Плошчы Перамен", дзе сілавікі жорстка разагналі акцыю памяці Рамана Бандарэнкі. Абедзвюх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па версіі следства, якая агучвалася ў афіцыйных СМІ, сваім рэпартажам журналісткі кіравалі акцыяй.