Польская мытня патлумачыла сітуацыю з забаронай вывозіць тавары ў Беларусь
Памежны пераход у Тэрэспалі
Абмежаванні на вываз тавараў з краін ЕС, якія раней дзейнічалі толькі для юрыдычных асоба, цяпер сталі дзейнічаць і для фізічных. Так у афіцыйным адказе сайту "Зеркало" патлумачыў прэс-сакратар Люблінскага аддзела Нацыянальнай падатковай адмністрацыі Польшчы Міхал Дзерусь (мытная служба ўваходзіць у склад падатковай адміністрацыі).
Паводле яго, мытнікі абавязаныя кантраляваць перамяшчэнне праз польскую мяжу тавараў, якія трапляюць пад санкцыі ЕС, уведзеныя супраць Масквы і Мінска. Мытнікі абапіраюцца на законы Польшчы і "санкцыйныя" рэгламенты ЕС. Як падкрэслвіае Дзерусь 29 чэрвеня набыў моц новы рэгламент ЕС №2024/1865, які забараняе не толькі юрыдычным асобам, але і звычайным грамадзянам вываз тавараў з тэрыторыі ЕС.
"Дакумент пашырыў колькасць суб'ектаў, да якіх павінны прымяняцца змененыя палажэнні. Гэта азначае, што пад дзеянне забаронных нормаў на імпарт і экспарт таксама падпадаюць фізічныя асобы, якія перамяшчаюць тавары, набытыя ў розніцу", — тлумачыць польскі чыноўнік.
У мытнай службе не паведамілі, як доўга будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні.
Як расказвала Еўрарадыё, 4 ліпеня беларусы сутыкнуліся з рэзкімі абмежаваннямі на вываз разнастайных тавараў з Польшчы. Паведамленні пра гэта сталі з'яўляцца ў чатах. Поўны спіс забароненых для вывазу тавараў складае сотні найменняў і ўключае ў сябе некаторыя морапрадукты (ракападобных і ікру), хімічныя рэчывы, сродкі гігіены (пену для галення, мыла, дэзадаранты, парфуму ды інш.), будаўнічыя матэрыялы, туалетную паперу, жаночую вопратку і любы абутак з падэшвай з гумы, пластмасы, скуры, каштоўныя камяні, а таксама разнастайную тэхніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.