Калі Беларусь і ЕС дамовяцца, падаражанне “шэнгену” беларусам не пагражае
Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі пракаментавала сітуацыю з магчымым падаражаннем шэнгенскай візы з 60 да 80 еўра. Інфармацыя пра меркаваныя змены візавых правілаў Еўрасаюза з’явілася напярэдадні. Рэформа мусіць “зрабіць працэдуру атрымання віз для законапаслухмяных вандроўнікаў лягчэйшай і хутчэйшай”. З’явіліся меркаванні, што нават калі Мінск і Брусель дамовяцца аб спрашчэнні візавага рэжыму, то візы не будуць каштаваць для беларусаў 35 еўра, а на 20 еўра даражэй.
У Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі нагадалі, што праект яшчэ будзе разглядацца Еўрапейскім парламентам і Саветам ЕС. Пакуль яны не прынялі рашэння, кошт візы ў 60 еўра не зменіцца, інфармуе БЕЛТА. Падкрэсліваецца, што павелічэнне візавага збору ніяк не закране краіны, якія падпісалі пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам. У іх ліку Азербайджан, Арменія, Расія. І калі Мінск і Брусель нарэшце падпішуць такое ж пагадненне, беларусам не пагражае падаражанне “шэнгену”, наадварот, ён патаннее да 35 еўра. У бліжэйшыя месяцы ў беларускай сталіцы пройдзе чарговы раўнд перамоў.