Калі знікнуць ілюзіі і з'явіцца яснасць — гэта будзе поспехам Канферэнцыі дэмсіл
Беларусы ў часе пратэстаў 2020 года ў Мінску / unsplash.com
Што можна будзе лічыць поспехам па выніках Канферэнцыі беларускіх дэмсіл, якая павінна адбыцца 8 і 9 жніўня ў Вільні?
— [Поспехам можна будзе лічыць] стварэнне аргкамітэта для правядзення Кангрэса на сапраўды дэмакратычнай аснове, дэлегаты якога будуць нейкім чынам выбірацца, — кажа ў часе дэбатаў на Еўрарадыё прадстаўнік руху "Супраціў" былы лекар-псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі. — Гэты Кангрэс, які рана ці позна павінен прайсці, павінен стаць суб'ектным, прадстаўнічым, такім, які вырашае і дае адказы на пытанні.
Ён [Кангрэс] павінен сказаць: альбо з таго, што ёсць у нас цяпер, можна нешта зрабіць, што будзе рухацца да будучыні. Альбо [з тым], што ёсць у нас цяпер, нічога зрабіць нельга, трэба пачынаць усё спачатку. Ну, значыць, трэба пачынаць усё спачатку.
Калі ў выніку гэтага з'явіцца яснасць, знікнуць ілюзіі, то я буду лічыць гэта поспехам. Нават калі будзе адмоўны адказ — гэта ўсё роўна яснасць.
Валерый Цапкала, які першапачаткова пагадзіўся прыехаць на Канферэнцыю, крыху пазней адмовіўся ад мерапрыемства. Замест яго будзе прысутнічаць яго жонка Вераніка. "А мы лепш папрацуем на карысць людзей і перамогі, чым наведаем гэта "селебряти". Хочам арганізаваць выбары, сапраўдныя, як і абяцалі", — каментуе Валерый сваю адмову. Як ставіцца да такіх заяў?
— Замест таго каб абмяркоўваць Гальфстрым, мы абмяркоўваем пену на хвалі, — каментуе выказванне Цапкалы Дзмітрый Шчыгельскі. — Гэта было і ў 2020-м пра пену на хвалі, і ў 2021 годзе.
Мы цяпер у дупе — тыя, хто ў Беларусі, і тыя, хто не ў Беларусі, увесь наш рух. Як з яе выбрацца? І куды пасля таго, як мы выберамся, рухацца? Мы сядзім на балоце ў сырой зямлянцы, у якой цячэ. А нам патрэбен домік на пагорку. І вось як з зямлянкі на балоце перабрацца ў домік на пагорку — гэта важна.
Будзем арганізоўваць выбары? Выдатна. Калі Валерый Цапкала арганізуе выбары, захопіць Цэнтрвыбаркам, правядзе рэформу — гэта будзе выдатна. Я дарую тую бутэльку "віскару", якую ён мне прайграў паўгода таму і дагэтуль не аддаў, — іранізуе Дзмітрый Шчыгельскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.