Каля расійскай амбасады ў Мінску ідзе акцыя салідарнасці з Надзеяй Саўчанка
У Мінску каля расійскай амбасады адбываецца акцыя салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якую судзяць у расійскім Данецку.
Акцыя прымеркаваная да абвяшчэння прысуду Саўчанка. Раней абвяшчалася, што абвяшчэнне зойме два дні. Адвакаты Саўчанка заклікалі людзей ва ўсім свеце ладзіць акцыі ў падтрымку палоннай лётчыцы.
Як інфармуе БелаПАН, да 12-й гадзіны да расійскай амбасады ў Мінску прыйшлі чатыры чалавекі, сярод якіх вядомая грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. Яна трымае вялікі плакат з надпісам "Свабоду Надзеі" і чорна-белым партрэтам Саўчанка. Іншыя ўдзельнікі акцыі стаяць з плакатамі "Свабоду закладнікам крывавага цара", "Свабоду Надзеі". Надпісы зробленыя на ўкраінскай, расійскай і англійскай мовах. За тым, што адбываецца назіраюць людзі ў цывільным, яны ж вядуць відэаздымку.