Каля тысячы мінчан пацярпелі ад махляроў, якія прапаноўвалі праверыць вентыляцыю
За свае "паслугі" ашуканцы прасілі ад 135 да 175 рублёў / ілюстрацыйнае фота sk.gov.by
Больш чым тысяча жыхароў Мінска пацярпела ад махляроў, якія прапаноўвалі прачысціць сістэму вентыляцыі. Пра гэта расказалі ў СК Беларусі. Следчыя цяпер расследуюць гэтую крымінальную справу.
Фігуранты справы — чатыры супрацоўнікі ТАА "БелБытВентыляцыя". Паводле звестак следства, з ліпеня 2020 года па снежань 2021 года яны хадзілі па кватэрах і прапаноўвалі мінчанам на платнай аснове пачысціць сістэмы вентыляцыі. Ашуканцы выбіралі кватэры, дзе жывуць пажылыя людзі, і пераконвалі гаспадароў, што гэтая паслуга абавязковая, а яны прадстаўляюць дзяржаўную структуру. За адмову пагражалі штрафамі ад МНС. За сваю працу прасілі ад 135 да 175 рублёў. Пры гэтым вентыляцыю "чысцілі" звычайным пыласосам, а цягу правяралі з дапамогай аркуша.
Ужо выявілі больш за тысячу пацярпелых. Аднак следчыя мяркуюць, што такіх больш. Яны просяць грамадзян, якія пацярпелі ад махляроў з арганізацый "БелБытВентыляцыя", "ГарВентыляцыя" і "ХатняяБытаваяВентыляцыя" (ашуканцы выкарыстоўвалі розныя назвы), расказаць пра тое, што адбылося, па тэлефонах: 8 (017) 389 54 72 і 8 (044) 500 31 11.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.