Камбэку не здарылася: Беларусь і ЗША так і не абмяняліся амбасадарамі ў 2020-м

Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампеа / прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампеа / прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

1 лютага падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік Дзярждэпа ЗША Майк Пампеа заявіў, што Злучаныя Штаты плануюць упершыню з 2008 года абмяняцца амбасадарамі з Беларуссю. З амерыканскага боку на гэтую пасаду вызначылі Джулі Фішэр, а ад Беларусі ў Вашынгтон павінен быў адправіцца Алег Краўчанка.

Але гістарычнага камбэку не здарылася. 2020 год падыходзіць да канца. Краўчанка, ужо было прызначаны амбасадарам, па-ранейшаму працуе намеснікам міністра замежных спраў. А ў Белым доме ўсё мяняецца. Ці паедзе Фішэр у Беларусь пры Джо Байдэне — пытанне адкрытае.

Расказваем кароткую гісторыю аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і ЗША, якога так і не здарылася.

"Гэта будзе выглядаць як згода з рэпрэсіямі"

У амбасадзе ЗША ў Беларусі Еўрарадыё не змаглі адказаць на пытанне, калі Джулі Фішэр прыедзе ў Беларусь. Але звярнулі нашу ўвагу на нядаўнія заявы намесніка памочніка сакратара Бюро па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Дзярждэпартамента ЗША Джорджа Кента.

— Дональд Трамп прызначыў прафесійнага дыпламата, сябра і калегу Джулі Фішэр нашым першым амбасадарам у Беларусі з 2008 года, калі Лукашэнка адправіў нашага амбасадара дадому і скараціў наша прадстаўніцтва. Кандыдатуру Джулі Фішэр зацвердзіў камітэт па замежных справах Сената. Але згодна з нашай сістэмай за яе павінен прагаласаваць увесь Сенат ЗША. А гэта канчатковае галасаванне яшчэ не прызначана, — заявіў падчас прэс-брыфінгу па сітуацыі ў Беларусі Кент.

Ён дадаў, што ў Дзярждэпе не ўпэўненыя наконт тэрмінаў, калі Фішэр зможа адправіцца ў Мінск: "Любыя размовы пра тое, што адбудзецца пасля зацвярджэння кандыдатуры амбасадара, заўчасныя". Пры гэтым, па словах Джорджа Кента, Вашынгтон лічыць неабходным умацоўваць амерыканска-беларускія адносіны, нават нягледзячы на няпростыя часы ва ўнутранай палітыцы Беларусі.

Камбэка не случилось: Беларусь и США так и не обменялись послами в 2020 году
Сенатар Крыс Мёрфі пра абмен амбасадарамі з Беларуссю / "Твітэр"

Інакш лічыць сенатар Крыс Мёрфі. 11 жніўня, пасля жорсткага задушэння мірных пратэстаў у Беларусі, ён напісаў у "Твітэры", што аднаўляць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю было б вялікай памылкай:

— Гэта будзе выглядаць як згода з рэпрэсіямі Лукашэнкі. Сенату варта адкласці гэта прызначэнне.

"Мы плануем, што ў жніўні ён паедзе туды"

20 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім Алег Краўчанка прызначаўся амбасадарам Беларусі ў ЗША. Дзяржаўныя СМІ ў той жа дзень паведамлялі, што Краўчанка плануе адбыць у Вашынгтон у жніўні.

Камбэка не случилось: Беларусь и США так и не обменялись послами в 2020 году
Аб прызначэнні Алега Краўчанкі амбасадарам Беларусі ў ЗША / pravo.by

Аналагічныя ўказы былі прысвечаны двум іншым дыпламатам, на той момант намеснікамі Уладзіміра Макея: Андрэю Еўдачэнку, які адбыў у Нідэрланды, і Андрэю Дапкюнасу, які адправіўся амбасадарам у Аўстрыю і (па сумяшчальніцтве) Славенію.

"У панядзелак таксама стала вядома, што замест Еўдачэнкі першым намеснікам міністра замежных спраў стане Аляксандр Гур'янаў, а намеснікам міністра замест Краўчанкі, які з'язджае ў ЗША, — Сяргей Алейнік",паведамляў у той жа дзень "Спутник Беларусь".

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей тады заявіў, што ў дыпламата, які калісьці ўжо працаваў у Злучаных Штатах, "вялікае кола сувязяў у розных дзяржаўных органах ЗША, гэта стане для яго падмогай у працы":

— Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур нават папрасіла: чым хутчэй ён будзе, тым лепш. Мы плануем, што ў жніўні ён паедзе туды, — сказаў міністр.

27 ліпеня прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб вызваленні Краўчанкі і двух іншых намеснікаў міністра замежных спраў.

Камбэка не случилось: Беларусь и США так и не обменялись послами в 2020 году
Пастанова Савета Міністраў / pravo.by

Але тое было ў ліпені. А пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 жніўня, тэма ад'езду Алега Краўчанкі ў ЗША не падымалася ні ў заявах беларускага МЗС, ні ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.

Краўчанка застаўся ў Беларусі і застаецца намеснікам міністра замежных спраў — як і Гур'янаў, і Алейнік. Праўда, пастановы Саўміна пра яго вяртанне на міністэрскую пасаду ў Еўрарадыё знайсці не атрымалася.

Выглядае на тое, што да восені ва Уладзіміра Макея павінна было застацца тры намеснікі — Гур'янаў, Шастакоў і Алейнік. Але засталося чатыры — разам з неадбытым пакуль што амбасадарам Краўчанкам.

"Не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку"

7 снежня экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская заклікала ЗША прызначыць амбасадара ў Беларусі, але з некаторымі ўмовамі.

— Крытычна важна мець дыпламатычнага прадстаўніка, які будзе факусавацца на Беларусі. Разам з тым мы заклікаем не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. Важна памятаць, што ён нелегітымны прэзідэнт і перадача яму даверчых грамат легітымізуе яго і пашле няправільны сігнал беларускаму народу, — заявіла Ціханоўская, выступаючы па відэасувязі ў Атлантычным савеце.

Двухбаковыя адносіны паміж краінамі абвастрыліся ў 2008 годзе. Пасля пашырэння санкцый у дачыненні да Беларусі з Вашынгтона быў адкліканы беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў. Амерыканскі амбасадар Карэн Сцюарт таксама была вымушаная ў адказ пакінуць Мінск. З таго часу амбасады узначальвалі часовыя павераныя ў справах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі