Канапацкая: Людзі хочуць перамен, але не жадаюць ісці ў палітычныя партыі
З ініцыятывай стварэння не звязанай ні з якімі палітычнымі структурамі грамадскай ініцыятывы “Наперад, Беларусь!” выступіла 9 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая. Мэта кампаніі, па словах парламентарыя, — аб’яднаць людзей, якія хочуць дамагчыся пазітыўных перамен у краіне, але не жадаюць далучацца да любой наяўнай апазіцыйнай ці праўладнай структуры.
Канапацкая: “Цягам апошняга года я атрымлівала шмат лістоў, у якіх людзі казалі, што падзяляюць мае ідэі і хочуць падтрымаць мяне, але не хочуць звязвацца з якімі-небудзь палітычнымі партыямі ці структурамі. Бо тыя сябе, з аднаго боку, дыскрэдытавалі, а з другога — небяспечна сёння казаць, што ты сябра нейкай палітычнай партыі. І гэта кампанія, якая проста аб’ядноўвае людзей, якія хочуць дамагчыся зменаў у краіне, але не хочуць альбо баяцца ісці ў партыі. Але мы ні ў якім разе не разыходзімся ні з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, ні з “Правацэнтрыскай кааліцыяй”. Гэта не замест, а ў дадатак да”.
Па словах Канапацкай, яе грамадская кампанія будзе як рыхтаваць людзей да ўдзелу ў найбліжэйшых выбарчых кампаніях, так і дапамагаць ім вырашаць любыя сацыяльныя і іншыя мясцовыя праблемы. Актывістаў “на акладах” у структуры кампаніі не будзе — выключна валанцёрская праца. Тым не менш, кажа палітык, для дзейнасці кампаніі грошы будуць неабходныя, і іх будуць збіраць праз краўдфандынг. Потым за кожны сабраны рубель кампанія будзе даваць справаздачу. Адмаўляе Канапацкая і абвінавачванні ў тым, што яе кампанія — “праўладны праект”.
У перспектыве, кажа палітык, — адкрыццё “Дэпутацкай школы Ганны Канапацкай”, дзе будуць рыхтаваць “палітычна матываваных людзей” да ўдзелу ў выбарах і дэпутацкай працы.
10 кастрычніка ў жывым эфіры Еўрарадыё Ганна Канапацкая падрабязна расказала пра сваю ініцыятыву.