Канстанцін Райкін падтрымаў Паўла Латушку і Купалаўскі тэатр

Канстанцін Райкін падтрымаў Паўла Латушку і Купалаўскі тэатр

У падтрымку Купалаўскага тэатра і яго звольненага дырэктара Паўла Латушкі выказаўся расійскі актор Канстанцін Райкін, мастацкі кіраўнік маскоўскага тэатра "Сатырыкон". Заява Райкіна з'явілася ў акаўнце тэатра "Сатырыкон" у Instagram.

Падзеі ў Купалаўскім тэатры Райкін ахарактарызаваў як "бяду ў нашых калег у Мінску". Аб прычынах звальнення Латушкі ён напісаў так: "Звольнены за адкрытае сумленнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў падтрымку пратэстоўцаў. Чытаў тэкст гэтай прамовы — яснай, дакладнай, якая заклікае выконваць Канстытуцыю і караць тых, хто яе парушае. Усё. За гэта ён звольнены. А большасць актораў гэтага знакамітага Тэатра, уключаючы галоўнага рэжысёра Мікалая Пінігіна, якія раней выказвалі салідарнасць з пратэстоўцамі, падалі заявы аб сыходзе на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара".

Райкін заявіў, што цалкам падтрымлівае мінскіх актораў у іх пратэсце "супраць абуральнай несправядлівасці, жорсткасці і беззаконня"

"Сёння галоўная драматургія разгортваецца на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў. Вельмі важна, што ў гэтым найвастрэйшым спектаклі жыцця вы выступаеце ў ролі прыстойных і смелых людзей. Я з вамі, родныя мае!" — напісаў расійскі артыст. 

Як паведамлялася раней, экс-міністр культуры і дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка адкрыта падтрымаў мірныя пратэсты і выказаўся супраць жорсткасці пры іх разгоне. 17 жніўня ён быў звольнены рашэннем урада. На знак салідарнасці з ім заявы на звальненне падалі ўсе артысты і некаторыя тэхнічныя работнікі тэатра. 

Міністр культуры Юрый Бондар, які прыязджаў да купалаўцаў 18 жніўня, паведаміў, што іх заявы будзе разглядаць новы дырэктар. Яго прызначыць Мінкульт. Самі артысты заявілі, што наступны тэатральны сезон у верасні не пачнецца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі