Капітанам мужчынскай зборнай Беларусі па тэнісе можа стаць Максім Мірны
Кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын у інтэрв'ю газеце "Прессбол" пракаментаваў нядаўнія адстаўкі капітанаў мужчынскай і жаночай зборных Беларусі Уладзіміра Валчкова і Эдуарда Дуброва.
Цяцерын звязаў адстаўкі з нядаўнімі пройгрышамі камандаў у матчах Кубка Дэвіса і Кубка федэрацыі. "Мы гулялі дома, мякка кажучы, не з наймацнейшым складам саперніц — абавязаныя былі перамагаць гэтую каманду. Асабліва пры такой падтрымцы гледачоў, якія, нягледзячы на Алімпіяду, якая стартавала, прыйшлі на "Чыжоўка-Арэну" і балелі за нашых дзяўчат да апошняга розыгрышу. Яны верылі ў перамогу, але зборная надзей не апраўдала. Значыць, яна ў даўгу перад беларускім народам. А параза, лічу, стала наступствам памылак капітана. Тое ж можна сказаць і аб пройгрышы мужчынскай зборнай аўстрыйцам", — патлумачыў спартовы функцыянер.
Па яго словах, Уладзімір Валчкоў сам вырашыў пакінуць пасаду капітана мужчынскай зборнай, "каб на час адысці ў бок, паглядзець на працэс незамыленным позіркам".
На працягу месяца трэнерская рада мусіць назваць кандыдатуру яго пераемніка. "Можа, нават Максіму Мірнаму прапануем, хоць ён пакуль яшчэ працягвае кар'еру. Што тычыцца жаночай каманды, то не выключаю вяртання на капітанскі масток Таццяны Пучак", — заявіў Цяцерын.
Ён дадаў, што і Ваўчкоў і Дуброў працягнуць працаваць у тэнісе.