Каранавірус COVID-19: прагнозы СААЗ, лятальнасць і вакцына
Ачагі распаўсюджвання каранавіруса новага тыпу выявілі ў італьянскіх абласцях Ламбардыя і Венета / Reuters
Адны рэагуюць на навіны пра каранавірус панікай і рыхтуюцца да найгоршага сцэнара, іншыя — ставяцца да ўспышкі COVID-19 фаталістычна і параўноўваюць вірус з сезонным грыпам. А як ацэньваюць сітуацыю спецыялісты СААЗ? Наколькі смяротны новы каранавірус? Еўрарадыё сабрала апошнія факты пра COVID-19 і яго распаўсюджанне па планеце.
Каранавірус: пандэмія ці яшчэ не?
Пакуль сітуацыю з COVID-19 нельга назваць глабальнай пандэміяй, заявіў 24 лютага дырэктар СААЗ Тедрос Аданам Гебрэісус. Але патэнцыйна ўспышка каранавіруса можа перарасці ў пандэмію, дадаў ён:
"Выкарыстанне слова "пандэмія" ў цяперашні час не адпавядае рэчаіснасці і, безумоўна, можа выклікаць страх. Мы павінны засяродзіцца на стрымліванні, робячы ўсё магчымае, каб падрыхтавацца да патэнцыйнай пандэміі. Лічбы з Італіі, Ірана і Паўднёвай Карэі вельмі турбуюць, але цяпер гаворка ідзе пра эпідэмію ў асобных краінах. Пандэміяй называюць распаўсюджанне новага віруса па ўсёй планеце".
Апошняй прызнанай пандэміяй была ўспышка віруса грыпу A/H1N1 (свінога грыпу) у 2009 годзе. За год пандэміі на свіны грып перахварэлі, па розных звестках, ад 10% да 20% ад усяго насельніцтва зямнога шара.
Дарэчы, пік эпідэміі COVID-19 ужо пройдзены (колькасць выпадкаў заражэння дасягнула піка 23 студзеня), заявілі ў СААЗ. Ад пачатку лютага колькасць новых заражэнняў паслядоўна зніжаецца.
Колькі інфіцыраваных COVID-19 на сённяшні дзень?
Колькасць пацыентаў у Кітаі, у якіх выявілі новы каранавірус, расце. За апошнія суткі ад пнеўманіі, выкліканай вірусам, памёр 71 чалавек, а колькасць інфіцыраваных вырасла на 508 чалавек. У цэлым у Кітаі COVID-19 быў знойдзены ў 77 658 чалавек, загінулі 2663 хворыя. 27 323 пацыенты паправіліся.
Вірус працягвае распаўсюджвацца і за межамі КНР. Выпадкі заражэння выявілі ў 36 краінах, колькасць тых, хто заразіўся, дасягнула 2438 чалавек. Такім чынам, агульная колькасць інфіцыраваных — больш за 80 тысяч чалавек.
Найбуйнейшым ачагом застаецца Паўднёвая Карэя. У краіне пацвердзілі ўжо 893 выпадкі заражэння, 9 чалавек памерлі.
Сітуацыя ўскладняецца тым, што пераносчыкі захворвання часта не маюць ніякіх сімптомаў і не падазраюць пра сваю хваробу. У некаторых людзей хвароба выявілася праз шмат дзён пасля таго, як яны заразіліся. Таму ўсіх, хто падпаў пад рызыку заражэння, адпраўляюць на працяглы каранцін.
Што адбываецца ў Італіі?
У Еўропе больш за ўсё заражаных у Італіі. Там пацвердзілі амаль 230 выпадкаў заражэння. Памерлі ўжо сем чалавек. Ачагі распаўсюджання віруса выявілі ў абласцях Ламбардыя і Венета, у сувязі з чым былі зачыненыя ўсе тэатры, у тым ліку "Ла Скала" ў Мілане і "Ла Фенічэ" ў Венецыі, музеі, бібліятэкі, галерэі. Акрамя таго, улады адмянілі апошнія дні Венецыянскага карнавала. З-за ўспышкі каранавіруса ў Італіі прыпынілі здымкі сёмай часткі галівудскага блокбастара "Місія невыканальная".
Нягледзячы на сітуацыю, якая склалася, "Белавія" не ўводзіла забароны на выкананне палётаў у італьянскія гарады. Рэйсы па маршрутах Мінск — Мілан — Мінск і Мінск — Рым — Мінск беларуская авіякампанія выконвае ў штатным рэжыме.
Наколькі небяспечны новы каранавірус?
Дырэктар СААЗ заявіў, што ў цяперашні момант узровень смяротнасці ад віруса складае ад 2 да 4 працэнтаў у кітайскім Ухані і 0,7 працэнта — за яго межамі. Для параўнання: падчас эпідэміі SARS (атыповай пнеўманіі) у 2003 годзе ўзровень смяротнасці складаў амаль 10%. Ад віруса H1N1, вядомага як "свіны грып", за час пандэміі загінула 284 500 чалавек, а смяротнасць склала 0,02%.
Паводле статыстыкі, у 80,9% тых, хто заразіўся каранавірусам новага тыпу, хвароба праходзіла ў лёгкай форме, у 13,8% — у цяжкай, і толькі ў 4,7% — у крытычнай. Колькасць смяротных выпадкаў невялікая, але яна вырастае сярод людзей, старэйшых за 80 гадоў.
Высветлілася, што мужчыны паміраюць часцей (у 2,8% выпадкаў), чым жанчыны (1,7% выпадкаў).
Пацыенты з лёгкімі сімптомамі папраўляюцца за два тыдні, з цяжкімі — за 3-7 тыдняў.
А вакцыны дагэтуль няма?
Пра гатоўнасць вакцыны ад каранавіруса новага тыпу заявілі аўстралійскія навукоўцы. Яе распрацоўкай займаюцца спецыялісты з універсітэта Квінсленда. Але перш чым пачаць прамысловую вытворчасць і шырокае прымяненне прэпарату, навукоўцам трэба пераканацца ў тым, што ён не мае невядомых пабочных эфектаў.
Пазітыўныя навіны агучылі таксама кітайскія спецыялісты. Іх вакцына паказвае імунітэт да каранавіруса новага тыпу, але навукоўцам трэба час для дадатковых эксперыментаў і дапрацоўкі прэпарату.
Што робяць у Беларусі, каб не дапусціць распаўсюджання каранавіруса COVID-19 у краіне?
У Беларусі ўзмацнілі санітарна-каранцінны кантроль і медыцынскае назіранне за ўсімі, хто прыбывае з Італіі, расказваюць у Міністэрстве аховы здароўя:
"Унесены дапаўненні ў "Комплексны план мерапрыемстваў па папярэджанні завозу і распаўсюджання каранавіруса COVID-19", прадугледжаны дадатковыя мерапрыемствы ў дачыненні да грамадзян, якія прыбываюць з закрытых на каранцін краін. У тым ліку ўзмоцнены меры бяспекі, арганізаваны дадатковы пункт санітарна-каранціннага кантролю і забору матэрыялу для правядзення лабараторных даследаванняў у Нацыянальным аэрапорце Мінск".
На 24 лютага праз санітарны кантроль на дзяржмяжы Беларусі прайшлі 568 519 чалавек, у тым ліку 1137 чалавек, якія знаходзіліся ў Кітаі на працягу папярэдніх 14 дзён. У 27 чалавек выяўлены сімптомы рэспіраторнага захворвання, вынікі лабараторнага даследавання адмоўныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.