Каранік: віцебскія шпіталі паэтапна будуць выводзіць з аказання меддапамогі
Віцебскія лякарні плануецца паэтапна выводзіць з аказання медыцынскай дапамогі. Пра гэта міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 3 траўня. Выказванне чыноўніка перадаў тэлеканал "Беларусь 1".
Нарада 3 траўня прысвячалася эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і правядзенню параду 9 траўня. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ад параду адмовіцца немагчыма.
Разам з тым ён заявіў, што праблема з распаўсюдам каранавіруса стала першачарговай. Маўляў, для кіраўнікоў абласцей нават пасяўная стала другім пытаннем.
"Галоўная праблема — дапамагчы лекарам, Міністэрству аховы здароўя ў гэтай працы. Таму нельга зараз расслабіцца. Нам трэба вытрымаць... Баюся сказаць... Да пачатку лета трэба напружана вытрымаць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. (Раней ён планаваў вытымаць да Вялікадня.)
Уладзімір Каранік адказаў кіраўніку Беларусі так: "Сітуацыя ў Віцебску ўжо дазваляе планаваць, што паэтапна ўжо з гэтых выходных шпіталі па адным будуць выводзіць з аказання медыцынскай дапамогі, праводзіцца поўная дэзінфекцыя, на працягу тыдня".
Чыноўнік дадаў, што персанал віцебскіх лякарняў атрымае перадышку, каб потым дапамагчы рэгіёнам.
Як вядома, Віцебск стаў адным з самых буйных ачагоў заражэння каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.