Кавалеўскі расказаў, чым будзе займацца пасля сыходу ад Ціханоўскай
![Валерый Кавалеўскі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/kavalauski.jpg.webp?itok=2_UL2MxQ)
Валерый Кавалеўскі
Беларускі дыпламат Валерый Кавалеўскі цяпер працуе над стварэннем новай ініцыятывы, якая будзе займацца праблемамі замежнай палітыкі. Яна будзе называцца “Агенцыя еўраатлантычнага супрацоўніцтва”. Пра гэта палітык расказаў у эфіры Еўрарадыё.
Паводле Кавалеўскага, ініцыятыва будзе працягваць справу, якую ён рабіў да адыходу з пасады прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета. А вось што ён расказаў пра прычыны свайго адыходу:
— Тое, якія ўмовы склаліся ў беларускіх дэмакрытычных структурах, не зусім мне падыходзіць. Я прытрымліваюся іншых падыходаў і стандартаў.
У мяне былі спробы штосьці памяняць, але яны не былі падтрыманыя, таму я прыняў рашэнне пачаць сваю справу. Але тое, што робяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, працуе, і мы ўсе гэта прызнаём.
Кавалеўскі кажа, што не шукаў новага месца працы да адыходу з АПК. То-бок не меў “плана Б”.
— Для меня было важна, што я атрымаў вельмі каштоўны водгук. За гэты час было створанае цэлае вымярэнне адносінаў, кантактаў, праектаў. І таму я лічу, што працу, якую я рабіў, трэба працягваць. Яна мае важнае значэнне для перспектываў дэмакратычнага руху.
Дыпламат дадае, што ён прыходзіў у каманду Святланы Ціханоўскай, каб працаваць менавіта з ёю. Але з часам пазіцыі разышліся.
— Значыць, трэба прызнаць гэтую рэальнасць і рухацца далей. Таксама я б не хацеў быць чалавекам, на якога б глядзелі і казалі: “У яго пасінелі пальцы. Ён не хоча пакідаць сваю пасаду”. Я не такі.
Многія людзі робяць шмат важнай працы па-за межамі Аб’яднанага пераходнага кабінета ці Каардынацыйнай рады, яна вельмі значная. І я не бачу ніякіх праблем у тым, каб памяняць свой статус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.