Ціханоўская параўнала Беларусь Лукашэнкі з ГДР
Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі Belarus Future Forum
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі Belarus Future Forum у Берліне. Мерапрыемства аб’яднала больш за 130 чалавек, сярод якіх — прадстаўнікі еўрапейскіх міністэрстваў, амбасадаў і грамадзянскай супольнасці. Спікерамі выступілі супрацоўнікі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, нямецкія дэпутаты, прадстаўнікі АПК.
"Як і акупаваная СССР Усходняя Германія ў мінулым, сённяшняя Беларусь — турма пад адкрытым небам, — гаварыла Ціханоўская падчас дыскусіі. — У ёй утрымліваецца больш за 1300 палітвязняў. Мы разумеем, што іх вызваленне і змены ў Беларусі — задача саміх беларусаў, але нам патрэбная падтрымка... Пакуль мы ізалюем дыктатараў, мы павінны падтрымліваць народ Беларусі, які працягвае змагацца за свабоду".
Святлана Ціханоўская заклікала прапаноўваць бясплатныя візы і стыпендыі маладым беларусам, падтрымліваць незалежныя медыя і незалежных творцаў. Шмат якія эксперты, палітыкі мяркуюць, што перамены ў Беларусі магчымыя пасля пераменаў у РФ. Ціханоўская ж лічыць інакш.
"Трэба разглядаць Беларусь не як пагрозу, а як магчымасць, — гаварыла яна. — Перамены ў Беларусі могуць выклікаць перамены ў Расіі і кінуць выклік тыраніям па ўсім свеце. Беларусь таксама можа аказаць вырашальную падтрымку Украіне і нанесці сур'ёзны ўдар па пуцінскай тыраніі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.