Кавалькова пра крызіс, пошук стратэгій і сузалежнасць з аўтарытарнай краінай

Вольга Кавалькова распавядае, як асабісты крызіс развівае яе, як палітыка

Вольга Кавалькова распавядае, як асабісты крызіс развівае яе, як палітыка / euroradio.fm

Вольга Кавалькова — вядомая асоба ў беларускай палітыцы, якая прайшла шлях ад дзяржструктур да сустаршыні партыі БХД. У 2020 годзе яна планавала ўдзельнічаць у выбарах, але не змагла сабраць подпісы і засталася даверанай асобай Святланы Ціханоўскай.

Пасля выбараў апынулася ў эміграцыі, дзе трапіла ў скандал праз сюжэт БТ, атрымала завочны прысуд і тэрмін на 12 гадоў зняволення за ўдзел у дзейнасці Каардынацыйнай рады. Вольга выйшла з партыі і арганізавала сваю фракцыю "Шчаслівая нацыя" ў КР.

Апошнім часам Вольга Кавалькова знікла з радараў і перастала фігураваць у навінах пра дзейнасць дэмсіл, яе прозвішча не гучала падчас выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду. У сваім інстаграме яна шмат пісала пра асабісты крызіс і яго пераадоленне, дзялілася разважаннямі на тэму псіхалогіі.

Ці сышла Вольга з палітыкі і змяніла інтарэсы? Як цяпер выглядае яе жыццё і чаму яна праігнаравала выбары ў Каардынацыйную раду? Пра гэта, а таксама пра змены ў яе падыходах да палітыкі і новыя стратэгіі чытайце ў нашым інтэрв'ю з Вольгай.

— Вольга, як цяпер выглядае вашае жыццё?
— Я наладжваю стасункі з Варшавай. У пэўны момант я зразумела, што мне тут цяжка — усё навокал і людзі нагадваюць падзеі 2020 года, таму я з’язджала і цяпер вярнулася. Займаюся здароўем,  таксама юрыдычнымі кансультацыямі, сустракаюся з калегамі. 

— Гэта і ёсць той самы крызіс, пра які вы пішаце ў Інстаграме? Што яго справакавала? 
— Увогуле стомленасць і нейкі пункт, калі ты не заўважаеш сваёй стомленасці, калі няма рэсурсаў. Каб зрабіць штосьці карыснае для людзей і для краіны, трэба самому быць у парадку. Я заўжды больш думала пра тое, чым дапамагчы, выгарала — і гэта было незаўважна. Мае знаёмыя ці людзі, якія мяне ведаюць, могуць заўжды звярнуцца і знайсці ўва мне апору, але ніколі не будзе відаць, што са мной штосьці не так. Таму было важна аддаць гэты час сабе.

Кавалькова пра крызіс, пошук стратэгій і сузалежнасць з аўтарытарнай краінай
Вольга Кавалькова распавядае пра перажыванне крызісу і высновы, якія з яго робіць / @kavalkova_volha

У тэрапіі мы назвалі крызіс крызісам. Сама б я не змагла назваць гэта крызісам. Чалавеку вельмі цяжка глядзець сабе ўнутр самому. 

— Вам не крыўдна, што калі вы адышлі ад палітыкі, вас нібыта забылі, спісалі з рахункаў, хоць вы шмат рабілі для Беларусі?
— Такога не было. Ведаеце чаму?  Я раблю гэта для сябе, для людзей, якія мяне падтрымліваюць, для сям'і. І мне дастаткова гэтага для таго, каб матывавацца. Я магу ў любы момант сказаць: я не хачу займацца палітыкай. 

І такі момант таксама быў, калі я сказала: можа, ужо дастаткова, больш за 10 гадоў у палітыцы, можа, трэба на сваё жыццё паглядзець? Я дагэтуль не магу сказаць, што ў мяне ёсць канчатковае рашэнне, чым я буду займацца. Я цяпер гляджу, назіраю, які водгук у мяне будзе. 

Кавалькова пра крызіс, пошук стратэгій і сузалежнасць з аўтарытарнай краінай
Вольга Кавалькова была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай ў 2020-м / @kavalkova_volha

— Да псіхолага вы звярнуліся, каб проста вытрываць ці каб стаць больш эфектыўным палітыкам?
— У пэўны момант так, гэта было хутчэй для падтрымкі. Увогуле, эміграцыя — гэта ўжо крызіс, ужо траўма. Не бяру астатнія  рэчы: хто ты ў гэтай эміграцыі, ці можаш знайсці сабе месца. І гэта датычыць не толькі палітыкаў, але і ўсіх беларусаў, якія пасля 2020 года сутыкнуліся з гэтым досведам. Падобныя ўнутраныя праблемы ёсць, мы ўсе траўмаваныя гэтымі падзеямі.

А пасля былі нейкія курсы, дадатковыя рэчы. Напрыклад, курс па негвалтоўнай камунікацыі. Гэта тое, што мне блізка, што адгукаецца маім каштоўнасцям. Медыяцыя — таксама. Я разумела, што тут у мяне не хапае ведаў. Нейкія коўчынгавыя штукі... Гэта каб быць больш устойлівай самой і каб людзі побач са мной таксама адчувалі магчымасць не рассыпацца, калі будзе складаная сітуацыя.

— Вы не ўдзельнічалі ў выбарах у Каардынацыйную раду. Гэта таму, што вам гэта больш не цікава, ці звязана з асабістым крызісам?
— Я заўжды бачыла каштоўнасць КР, і ў мяне не было негатыўных каментароў да самой пляцоўкі, да самой ідэі. Я не ўдзельнічала з некалькіх прычын. 

Я не адчувала, што на гэтай пляцоўцы ёсць энергаабмен — там толькі траты энергіі.  Ты не можаш заўжды аддаваць і нічога не атрымліваць узамен. 

Гэта можа быць усё што заўгодна: падзяка, цёплае адчуванне, што ты зрабіў нешта добрае для людзей. Я не хачу ўкладацца ў гэты праект, гэта было маё ўнутранае адчуванне. І я не разумела, як у той сітуацыі, у якой мы ёсць, гэта можа дапамагчы. 

Тое самае з бізнесам — калі бізнес не ідзе, ты яго закрываеш і думаеш: ці ў найм пайду, ці штосьці новае адкрыю. Так яно працуе. Крызіс — гэта пра новыя стратэгіі. 

Цяпер няма стратэгіі. Я адчуваю, што я ў пошуку такой стратэгіі, якая магла б дапамагаць людзям і вырашыць тую сітуацыю, якая склалася. Акрамя нацыянальнага дыялогу і дамоўленасцяў я не бачу нічога, скажу шчыра. 

— Што вы цяпер як палітык з вышыні досведу і перажывання крызісу, рабілі б інакш?
— Калі я аналізую свой палітычны досвед, няма моманту, калі б я сказала, што я б зрабіла па-іншаму. Я ўсё рабіла не заўжды толькі праз галаву. Розум наш абмежаваны досведам, ён заўжды будзе спыняць ад таго, каб рабіць штосьці новае ці тое, што не ўкладаецца ў разуменне сённяшніх дэмакратычных палітыкаў. Шмат такога было, што мне казалі: так нельга рабіць! А ты ідзеш і робіш —  і гэта прыносіла змены.

Але, можа, я б больш часу аддавала сабе асабіста. Вось гэта б я перагледзела. 

— Як крызіс вас узмацніў? Што б вы такога цяпер прапанавалі, чаго раней не маглі?
— Сябе і сваё адчуванне. Людзі, якія знаходзяцца ў полі іншых людзей, растуць. Гэта тая філасофія, якой не хапае і якую мне б хацелася трансляваць. Мы не заўжды шчаслівыя, але мне б не хацелася, каб усе бачылі беларускі народ гаротным. Увесь час нам нешта не шанцуе... "Зноў у нас не атрымалася". Мы ж гэта нясём. А што атрымалася? 

Дэмакратыя — гэта не штосьці эфемернае, што мы насадзім у Беларусі, і яно само будзе квітнець. Гэта працэс, які будзе развівацца ў залежнасці ад таго, якія мы самі.

Я б прапанавала больш пазітыўны погляд на жыццё, які б мне хацелася вярнуць, бо ён заўжды ў мяне быў, і ўзмацніць.

Кавалькова пра крызіс, пошук стратэгій і сузалежнасць з аўтарытарнай краінай
Беларусам не хапае больш пазітыўнага погляду на жыццё / @kavalkova_volha

— Уяўляю, як вас раскрытыкуюць за пазітыўны погляд на жыццё ва ўмовах эміграцыі і з тысячамі палітвязняў у краіне...

— Мы закладнікі "ўсё дрэнна". У мяне таксама ўсё дрэнна. Але агулам я думаю: класнае жыццё! Я думаю, беларусам важна было ўзяць адказнасць за сваё жыццё. Гэта вельмі глыбокі ўрок для нас.

У аўтарытарнай краіне — сузалежнае грамадства: калі мы арыентуемся на тое, што хтосьці нас выратуе, ад яго шмат што залежыць... Шмат хто, я гляджу, абвінавачвае лідараў, маўляў, гэта праз вас... Я кажу: людзі, вы самі зрабілі выбар у 20-м годзе! Гэта быў каштоўнасны выбар. 

Нашы праблемы, на жаль, не скончацца. Ні ў эміграцыі, ні ўнутры Беларусі, ні ў людзей, якія сядзяць.  І пэўны час на гэта патрэбны будзе рэсурс. Я не бачу, што крызіс выйдзе ў фазу вырашэння ў пяць найбліжэйшых гадоў. Таму асноўнае, што тут патрэбна, як я бачу, — нават не палітычныя лозунгі, але рэальная дапамога людзям у вырашэнні іх пытанняў.

— Якое пасланне вы б хацелі данесці да беларусаў, якія расчараваліся і захраслі, як вы кажаце, у светапоглядзе “ўсё дрэнна”? Тым больш самі кажаце, што гэта надоўга...

— Трэба клапаціцца пра сябе. Няма іншай стратэгіі. І стратэгія "дзяўбці", на якой мы ехалі ў 2020-м годзе, скончылася. Цяпер стратэгія "клапаціцца, клапаціцца, клапаціцца". Калі вы паставіце сябе на першае месца, увойдзеце ў такі стан, з якога ў вас з'явіцца жаданне даваць, — тут пачнецца Беларусь. 

Кавалькова пра крызіс, пошук стратэгій і сузалежнасць з аўтарытарнай краінай
"І стратэгія "дзяўбці" больш не працуе" / @kavalkova_volha

Пакуль мы не з багацця аддаём, а з дэфіцыту, бо ўнутранага рэсурсу няма. Толькі калі ты акей, толькі тады прыйдзі і аддай нейкую колькасць свайго часу і рэсурсу агульнай справе. 

Я б зычыла не думаць пра агульнае, а дбаць пра сябе. І вучыцца ў людзей, якія вам адгукаюцца. Не трэба каментаваць тых, хто вам не падабаецца. Праходзьце міма.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі