КДБ: Бізнесмены пералічвалі дзецям у Вялікабрытанію мільёны фунтаў стэрлінгаў
Заснавальнікі беларускага закрытага акцыянернага таварыства "Консул" (Брэст) трацілі незаконна заробленыя сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей у Вялікабрытаніі. У іх адносінах распачалі крымінальную справу. Як паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, штомесяц на ўтрыманне свайго сына адзін з заснавальнікаў пералічваў у Вялікабрытанію да 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў. За паўтара года ён патраціў 1,5 млн фунтаў стэрлінгаў.
Падобная сума была патрачаная на сына іншага заснавальніка, які таксама вучыцца ў Вялікабрытаніі. Там жа навучаюцца яшчэ і дзве дачкі заснавальнікаў "Консула". "Такім чынам, следствам ужо даказана недапаступленне ў бюджэт у выглядзе падаткаў соцень мільярдаў рублёў. Па самых сціплых падліках сума перавышае 1 трыльён рублёў", — цытуе словы Вакульчыка БЕЛТА.
Старшыня КДБ распавёў, якім чынам заснавальнікі ЗАТ "Консул" незаконна зараблялі грошы. Яны завышалі цэны на кармы для сельгаспрадпрыемстваў. У 2014 годзе ў вытворцы з Нідэрландаў былі набытыя кармавыя дабаўкі за 2,5 млн долараў. Аднак праз падкантрольныя арганізацыі гэтая партыя была пастаўленая ўжо за 5 млн долараў. Такім чынам, 2,5 млн долараў былі схаваныя ад падаткавікоў. Гэтыя грошы выводзіліся ў афшорныя кампаніі (мяркуецца, што агулам — 27,5 млн долараў).
Летась падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі выяўленыя 14 пячатак падкантрольных "Консулу" замежных структур з Партугаліі, Іспаніі, Чэхіі, Славеніі, Польшчы, Латвіі, Кіпра. Праз іх рахункі і праходзіла кіраванне ценявымі фінансавымі плынямі.