КДБ затрымаў за хабар намесніка гендырэктара "Белмытнясэрвісу"

Камітэт дзяржбяспекі заявіў, што раскрыў і спыніў карупцыйную схему, якую стварылі службовыя асобы прадпрыемства "Белмытнясэрвіс". Супрацоўнікі спецслужбы затрымалі пры атрыманні хабару выканаўцу абавязкаў намесніка гендырэктара гэтага прадпрыемства. Затрыманы і давальнік хабару — дырэктар шэрагу камерцыйных структур Мінска.

Прэс-служба КДБ паведамляе, што затрыманыя і іншыя ўдзельнікі злачыннай схемы. Гэта начальнік аддзела Мінскага філіяла "Белмытнясэрвісу" і супрацоўнік Брэсцкага філіяла прадпрыемства. Яны таксама атрымлівалі хабар і матэрыяльныя каштоўнасці ад камерсанта.

Паводле папярэдняга расследавання, затрыманыя службовыя асобы атрымоўвалі хабар на працягу апошніх чатырох гадоў. Толькі в.а. намесніка гендырэктара атрымаў за гэты час больш за 190 тысяч долараў.

Таксама КДБ выявіла буйны нелегальны "фінансавы цэнтр", які дзейнічаў у Беларусі. Праз гэты цэнтр затрыманы камерсант абнаяўніваў і канвертаваў грошы. У гэтую структуру ўваходзілі некалькі дзясяткаў камерцыйных структур і індывідуальных прадпрымальнікаў. КДБ затрымаў арганізатара гэтай структуры і чатырах яго саўдзельнікаў. Акрамя таго, затрыманы супрацоўнік аднаго з беларускіх банкаў, які пяць гадоў за хабар дапамагаў ценявым фінансавым аперацыям.

КДБ пачаў пяць крымінальных спраў за хабарніцтва і ўхіленне ад выплаты падаткаў. На нерухомасць і дарагія аўтамабілі падазраваных накладзены арышт. Самі яны ўзятыя пад варту.

Фота — firstsocial.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі