Кіраўнік ПА АБСЕ: Расія павінна вывесці войскі з Украіны
Таксама ён заклікаў Расію спыніць падтрымку сепаратыстаў.
Расія павінна неадкладна пачаць крокі, накіраваныя на мірнае вырашэнне канфлікту ва Украіне. З такой заявай выступіў старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ілка Канерва на 60-й Парламенцкай асамблеі NATO ў Гаазе, паведамляе ВВС.
Канерва адзначыў, што ключавыя абавязанні АБСЕ былі растаптаныя падчас канфлікту ва Украіне, бо была парушаная тэрытарыяльная цэласнасць адной з краін-чальцоў арганізацыі. Ён заклікаў усе бакі канфлікту выконваць рэжым спынення агню і цалкам выконваць усе палажэнні Мінскага пратаколу і мемарандума.
Па словах старшыні ПА АБСЕ, каб прасоўвацца наперад да мірнага вырашэння крызісу, Расія павінна вывесці ўсе войскі і ўзбраенне з тэрыторыі Украіны і ад яе межаў, а таксама спыніць падтрымку сепаратыстаў.
Таксама Канерва нагадаў, што згодна з Заключным актам Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 года, усе краіны маюць права самі ўступаць ці не ўступаць у тыя ці іншыя міжнародныя арганізацыі, дагаворы або саюзы. Такім чынам, толькі Украіна можа вырашаць, ці хоча яна быць сябрам NATO.
Фота — yle.fi