Кіраўнік паралімпійцаў Беларусі: санкцыі супраць расійскага спорту надакучылі
Кіраўнік Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель заступіўся за расійскіх спартоўцаў. Па яго словах, усім ужо надакучылі калектыўныя санкцыі супраць расійскіх спартоўцаў.
Як распавядала Еўрарадыё, 9 снежня выканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва адхіліў Расію ад удзелу ў Алімпіядах і чэмпіянатах свету на чатыры гады. Такое рашэнне было прынятае за сістэматычнае махлярства з допінг-пробамі расійскіх спартоўцаў у Маскоўскай лабараторыі. Расійскія спартоўцы змогуць выступаць на такіх спаборніцтвах толькі пад нейтральным сцягам. Прычым удзельнічаць у турнірах змогуць толькі спартоўцы, у пробах якіх не выявілі допінг.
"Калектыўныя санкцыі супраць расійскага спорту ўсім ужо надакучылі. Я не разумею, як можа спартовец, не абвінавачаны ва ўжыванні допінгу, несці адказнасць за іншых людзей, якія, магчыма, у чымсьці замяшаныя. Калі спартовец нарадзіўся і вырас у Расіі, то ён, безумоўна, павінен выступаць пад расійскім сцягам. Хопіць гуляць у палітыку, трэба гуляць у спорт па існуючых правілах", — прыводзіць ТАСС словы Шэпеля.
Кіраўнік беларускіх паралімпійцаў заявіў, што выступае ад імя ўсіх беларускіх спартоўцаў. "Калі ёсць падставы не дапускаць каго-небудзь з расіян на Паралімпіядзе, то хай пададуць іх грамадскасці. Але я не веру, што хто-небудзь з іх прымае допінг. Яны і без гэтага мацней за большасць на тры парадкі і, як правіла, перамагаюць на спаборніцтвах", — мяркуе ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.