На немца-ўладальніка гаспадаркі пад Лідай у Германіі патрабуюць завесці справу

Перадвыбарчы плакат Ёрга Дорнау

Перадвыбарчы плакат Ёрга Дорнау / IMAGO/Dirk Sattler

Нямецкі юрыст Фердынанд Мюлер патрабуе завесці крымінальную справу ў дачыненні да дэпутата ад партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Ёрга Дорнау. Падставай паслужыла расследаванне Reform.news пра гаспадарку Дорнау пад Лідай, дзе выкарыстоўвалася праца беларускіх палітвязняў.

"Падаў заяву аб завядзенні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам. Калі інфармацыя, пададзеная беларускай газетай, пацвердзіцца, то гэта відавочна выпадак эксплуатацыі людзей, якія трапілі ў цяжкае становішча", — напісаў Мюлер у сацсетцы X.

У сваім расследаванні Reform.news высветліў, што Дорнау заключыў пагадненне з лідскім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, для работ на сваёй плантацыі. Ім плацілі каля 5 еўра ў дзень. Дорнау асабіста правяраў працу палітвязняў.

Дорнау з'яўляецца членам парламента Саксоніі ад "АдГ" з 2019 года. У мінулым месяцы ён быў аштрафаваны парламентам зямлі Саксонія на 20 862 еўра за ўтойванне свайго ўдзелу ў кампаніі "Цыбулька-Бел", піша focus.de. Кампанія ў Беларусі была заснаваная ў кастрычніку 2020 года, калі ў краіне ішлі масавыя дэмакратычныя пратэсты. Дададзім, што партыя, да якой належыць Дорнау, — правапапулісцкая, выступае супраць міграцыйнай палітыкі Германіі і супраць падтрымкі Украіны. На зямельных выбарах ва ўсходніх рэгіёнах Германіі яна атрымлівае цяпер важкую падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі