Кітай адмовіўся асудзіць уварванне Расіі ва Украіну
Апроч Кітая толькі Расія выступіла супраць таго, каб краіны “дваццаткі” асудзілі ўварванне / pixabay
Пекін адмовіўся падпісацца пад заявай Вялікай дваццаткі, у якой “самым рашучым чынам” асуджалася расійская агрэсія ва Украіне, піша ВBС. Адзіная краіна, апроч Кітая, якая адмовілася падпісацца пад гэтай заявай — сама Расія.
Такім чынам, міністры фінансаў дваццаці найбуйных эканомік свету не змаглі ўзгадніць выніковую заяву на саміце, які сёлета праходзіў у Індыі.
Індыйскі чыноўнік Аджай Сэт растлумачыў, што расійскія і кітайскія прадстаўнікі не згодны з фармулёўкай па Украіне, бо “іх мандат складаецца ў рашэнні эканамічных і фінансавых пытанняў”. Але дадаў, што ўсе іншыя краіны перакананыя, што вайна нясе наступствы ў тым ліку і для сусветнай эканомікі.
З пачатку вайны ва Украіне Пекін імкнуўся займаць нейтральную пазіцыю. Аднак на гэтым тыдні ён выступіў з уласным планам па спыненні канфлікту. Кітай заклікаў да мірных перамоў і павагі нацыянальнага суверэнітэту. Аднак у дакуменце не гаварылася, што Расія павінна вывесці свае войскі з Украіны. Не было ў ім і асуджэння расійскага ўварвання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.