Кітайская станцыя "Цяньгун" згарэла над Ціхім акіянам
Кітайская касмічная станцыя "Цяньгун-1" згарэла ў атмасферы над паўднёвай часткай Ціхага акіяна, піша tut.by. Пераважная большасць абломкаў не дасягнула зямной паверхні, заявіў Цэнтр кіравання пілатаванымі палётамі Кітая.
Станцыя "Цяньгун-1" падала на Зямлю з хуткасцю 28 тысяч кіламетраў у гадзіну.
Станцыю запусцілі на арбіту 29 верасня 2011 года. Гэта была першая пілатаваная арбітальная станцыя, якая не належыць ЗША ці СССР. Тэрмін яе эксплуатацыі быў разлічаны толькі на два гады — да 2013-га. Звядзенне станцыі з арбіты кітайцы планавалі кантраляваць. Але 21 сакавіка 2016 года сувязь са станцыяй перарвалася, усе яе функцыі былі адключаныя.
25 сакавіка з'явіліся звесткі, што месца падзення станцыі невядомае. Эксперты прагназавалі, што абломкі станцыі могуць зваліцца ў Іспаніі, Партугаліі, Францыі і Грэцыі.