КНДР правяла запуск новай ракеты, якая павінна ўсяляць "трывогу і жах"
Большасць балістычных ракет КНДР на вадкім паліве, якое трэба запраўляць перад стартам / ЦТАК
Паўночная Карэя правяла выпрабаванні новай міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) на цвёрдым паліве, паведамляе Reuters са спасылкай на СМІ КНДР. Лідар Кім Чэн Ын заявіў, што новая ракета прымусіць ворагаў "адчуць больш відавочны крызіс бяспекі і будзе ўвесь час усяляць у іх крайнюю трывогу і жах". Ворагі ў выніку вымушаныя будуць прадпрымаць "фатальныя наступальныя дзеянні ў адказ, пакуль яны не адмовяцца ад сваіх бессэнсоўных думак і безразважных дзеянняў".
Кім Чэн Ын асабіста кіраваў выпрабаваннем. Ён назіраў за пускам разам з сям'ёй: жонкай, сястрой і дачкой. Аналітыкі адзначаюць, што гэта першае прымяненне Паўночнай Карэяй цвёрдага паліва ў міжкантынентальнай балістычнай ракеце сярэдняй далёкасці. Такія ракеты зручней — іх магчыма хутка разгарнуць падчас вайны. Большасць найбуйнейшых балістычных ракет КНДР выкарыстоўваюць вадкае паліва. Яго загружаюць на месцы запуску — гэта працаёмкі і небяспечны працэс.
"Для любой краіны, якая валодае буйнамаштабнымі ядзернымі сіламі ракетнага базавання, цвёрдапаліўныя ракеты з'яўляюцца неверагодна пажаданым патэнцыялам, таму што іх не трэба запраўляць палівам непасрэдна перад выкарыстаннем", — прыводзіць агенцтва меркаванне Анкіта Панда, старэйшага навуковага супрацоўніка Фонду Карнегі за міжнародны мір.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.