Кніга беларускага аўтара на рускай мове можа лічыцца часткай белліта?
Да якой культуры адносіцца беларуская літаратура на рускай мове: да рускай ці беларускай?
Пісьменніца Юлія Арцёмава выпусціла кнігу "Я і ёсць рэвалюцыя". Юлія — жыхарка мінскай Плошчы Перамен — пачала пісаць яе задоўга да падзей 2020 года, а выдала ў вымушанай эміграцыі.
Кніга напісана на рускай мове. У часе прэзентацыі твора на Еўрарадыё слухач эфіру пацікавіўся, да якой культуры адносіцца беларуская літаратура на рускай мове: да рускай ці беларускай?
Арцёмава прызнаецца, што ў яе няма адназначнага адказу: многае залежыць ад самой кнігі.
"Калі гэта кніга на беларускай мове, але якая ўслаўляе "рускі свет", яна ж не становіцца ад гэтага беларускай? Для мяне гэтае пытанне як бы мае неадназначны адказ. Гледзячы якая кніга, пра што яна.
Калі асабіста пра мяне, то мне, напрыклад, вельмі важна быць часткай беларускай літаратуры. Нягледзячы на тое што дзеянне маёй кнігі адбываецца ў Маскве, я яе пісала для беларусаў. І яна пра тое, як ты адрываешся ад сваёй зямлі. І цяпер, будучы на эміграцыі, я гэта адчуваю. Ну я ж не магу забараніць камусьці лічыць, што калі кніга напісана на рускай мове, то яна не ёсць часткай беларускай літаратуры".
Пісьменніца сама тлумачыць, чаму ж яе кніга напісаная не на беларускай мове.
"Папраўдзе я пісала гэты тэкст ад першай асобы, гэта значыць, па сутнасці, гэта расказ гераіні пра сваё жыццё: яна садзіцца табе і расказвае, што з ёй адбылося. Яна гэта робіць на рускай мове, таму што, на жаль, гэта наша "рэчаіснасць". Нельга ж вінаваціць Талстога за тое, што ў яго там героі ў "Вайне і міры" гаварылі па-французску — бо яны гаварылі па-французску. Яшчэ ў мяне там героі лаюцца матам. Гэта ж не таму, што мне вельмі цяжка было падабраць нейкія адэкватныя словы. Мова герояў такая".
Па сюжэце гераіня кнігі перажывае спачатку беларускія падзеі "Плошчы-2010", а пасля — украінскія 2014-га. Ці дапамагло гэта справіцца аўтарцы тэксту са стрэсам ад таго, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе?
"Хутчэй, гэта быў трошкі такі траўматычны досвед. Я проста вельмі сачыла за падзеямі ўкраінскага Майдана, яны мяне вельмі моцна хвалявалі. Я проста там ад экрана не адрывалася. Калі я ўсё гэта глядзела, вельмі моцна і перажывала за ўкраінцаў. Але я проста адчувала, што ў нас такога ніколі не будзе.
Да 2014 года я канчаткова страціла надзею на тое, што ў нас такія падзеі магчымыя. І калі я чула ад пратэставых беларусаў, што мы не хочам Майдана ў Мінску, гэта мяне хвалявала.
Таму што Майдан — гэта інструмент беспасярэдняй дэмакратыі. І нягледзячы на тое, што гэта было вельмі балюча і траўматычна для Украіны, але праз гэты боль, праз гэтую кроў нарадзілася і пабудавалася нешта новае".
Кніга "Я і ёсць рэвалюцыя" — пісьменніцкі дэбют Арцёмавай. Яна выйшла ў межах выдавецкай ініцыятывы "Пфляўмбаўм", якую падтрымлівае нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.