Конкурс: Выйграй запрашэнне на вялікі еўрапейскі пікнік!
Наш конкурс завершаны. Пакуль мы вызначаем пераможцаў, прапануем адказы на пытанні.
Сёлета ў Еўрасаюзе святкуюць 10-годдзе самага вялікага разавага пашырэння. У траўні 2004 года ўдзельнікамі ЕС сталі адразу 10 краін: Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Славакія, Славенія, Чэхія, Венгрыя, Мальта і Кіпр.
З гэтай нагоды амбасады краін, якія далучыліся да Еўрасаюза 10 гадоў таму, ладзяць у Мінску 31 траўня вялікі пікнік, на якім выступяць музыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы.
Трапіць на “паці” можна толькі па адмысловым запрашэнні. Некалькі з іх Еўрарадыё сумесна з пасольствамі вырашыла разыграць сярод сваіх слухачоў.
Прапануем невялікі тэст. Тыя, хто правільна адкажа на максімальную колькасць пытанняў, атрымае магчымасць завітаць на пікнік.
Пытанні:
1. Гімн Еўрасаюза заснаваны на чацвёртай частцы дзявятай сімфоніі Бетховена, якая атрымала назву па вершы Шылера “Ода да радасці”. Назавіце імя і прозвішча вядомага брытанскага гітарыста, які за 4 гады да таго, як Ода стала афіцыйным гімнам Еўрасаюза, зрабіў сваю інтэрпрэтацыю твора Бетховена і размясціў яе апошняй на пятым альбоме свайго “каларытнага” гурта.
Адказ: Рычы Блэкмар (Пяты альбом яго гурта Rainbow, што выйшаў у 1981 годзе, атрымаў назву па аднайменнай інструментальнай кампазіцыі Difficult to Cure, перапрацоўцы “Оды да радасці”. У 1985 годзе сімфонія Бетховена афіцыйна стала гімнам Еўрасаюза)
2. Калі вы ўважліва сочыце за навінамі і рэпартажамі Еўрарадыё, то дакладна ведаеце, колькі беларускіх студэнтаў на сённяшні дзень вучацца ў Чэхіі.
Адказ: 480 (падрабязней тут: У чэшскіх універсітэтах вучыцца 480 беларусаў, на радзіму вяртаецца палова)
3. Адзін з самых маштабных і папулярных музычных фестываляў Еўропы ў перакладзе на беларускую мову азначае “Востраў” і праходзіць у сталіцы адной з краін, якая ў 2004 годзе стала сябрам Еўрасаюза. Адгадайце назву фестывалю і назавіце тры беларускія гурты, якія ў розныя часы на ім выступалі.
Адказ: Фестываль Sziget у Будапешце, у розныя гады там выступалі: Gods Tower, Троіца і Ляпіс Трубяцкі
4. Гэты польскі кінарэжысёр 4 разы намінаваўся на прэмію “Оскар” за лепшы замежны фільм, а ў выніку атрымаў ганаровую статуэтку за ўнёсак ў развіццё кінематографа.
Адказ: Анджэй Вайда
5. Дамова пра Малы памежны рух, які прадугледжвае бязвізавыя паездкі жыхароў памежжа Беларусі ў суседнія краіны Еўрасаюза, і наадварот, падпісаная з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Але запрацавала толькі з адной краінай. Адкажыце: якой і калі?
Адказ: З Латвіяй. Пачало дзейнічаць 1 лютага 2012 года
6. У 2004 годзе сябрамі ЕС сталі 10 краін: Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Славакія, Славенія, Чэхія, Венгрыя, Мальта і Кіпр. А якія з гэтых краін ужо перайшлі на еўра.
Адказ: Латвія, Эстонія, Славакія, Славенія, Мальта і Кіпр.
7. На манеце ў 1 еўрацэнт якой краіны Еўрасаюза, якая ўжо перайшла на еўра, выяўлены нацыянальны сімвал Беларусі?
Адказ: Славенія, на аверсе славенскага еўрацэнта выяўлены бусел.
8. Сталіца адной з краін, якія ў 2004-м далучыліся да ЕС, мяжуе адразу з дзвюма дзяржавамі, якія некалі ўтваралі магутную еўрапейскую імперыю. Як называецца гэты горад?
Адказ: Браціслава (межы славацкай сталіцы праходзяць акурат па межах Славакіі з Аўстрыяй і Венгрыяй)
9. Які горад стаў культурнай сталіцай Еўрасаюза ў 2014-м годзе?
Адказ: Рыга (Латвія), Умеа (Швецыя)
10. Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу быў узведзены ў выглядзе вежы ў 1999 годзе. Яго ўсходняя частка засталася часткова недабудаванай. Паразважайце, што б гэта магло сімвалізаваць?
Адказ: Пытанне не мае дакладнага адказу, нам былі цікавыя вашы разважанні, таму ўсе адказы залічваем.
Аднак, на экскурсіях па будынку расказваюць, што архітэктары натхніліся карцінай Пітэра Брэйгеля “Вавілонская вежа”, а эфект незавершанасці сімвалізуе адкрытасць Еўрасаюза для краін усходняй Еўропы.