Крамы, кавярні і рэстараны Мінска перайшлі на навагодні рэжым
У Мінску з 15 снежня па 7 студзеня крамы, кавярні і рэстараны перайшлі на падоўжаны рэжым працы. Гэта прадугледжана рашэннем Мінгарвыканкама, адзначае БЕЛТА.
Так, прадуктовыя крамы гандлёвай плошчай больш за 650 кв.м павінныя заканчваць працу не раней як а 22-й.
25, 31 снежня і 7 студзеня прадуктовыя крамы будуць працаваць у рэжыме працоўнага дня, 1 студзеня — з 10.00 да 18.00. Нехарчовыя крамы 25, 31 снежня і 7 студзеня будуць працаваць у рэжыме працоўнага дня, а 1 студзеня атрымаюць выходны.
Аб'екты грамадскага харчавання пры наяўнасці замоваў на святкаванні з 15 снежня па 1 студзеня прымаюць наведвальнікаў без выходных дзён. Пры гэтым час працы рэстаранаў і кавярняў падоўжаны да 6-й гадзіны раніцы. Выключэнне складаюць толькі кавярні і рэстараны, размешчаныя ў жылых будынках.
На бліжэйшы месяц — да 15 студзеня крамам, кавярням і рэстаранам забаронена зачыняцца на рамонт, інвентарызацыю, санітарныя дні ды іншыя падобныя мерапрыемствы.
Фота: livemaster.ru