Крым, "Паўночны паток" і Украіна ў NATO — аб чым гаварылі Байдэн і Зяленскі

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн​ / Reuters
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн​ / Reuters

ЗША могуць зноў увесці санкцыі супраць "Паўночнага патоку - 2", калі Украіна сутыкнецца з энергетычнымі праблемамі з-за дзеянняў іншых дзяржаў. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з амерыканскім лідэрам Джо Байдэнам. Трансляцыю прэс-канферэнцыі вёў тэлеканал "Украіна-24".

"Паўночны паток-2" — гэта расійскі праект, трубаправод, па якім Расея мае намер пастаўляць газ у Германію праз Балтыйскае мора. Скончыць будаўніцтва плануюць сёлета. З уводам яго ў строй Расія перастае быць залежная ад наземнага транзіту праз Украіну і Беларусь.

Гарантыі ЗША ўвесці санкцыі супраць "Паўночнай плыні" ў выпадку пагрозы Украіне Зяленскі назваў "вялікай перамогай".

Прэзідэнты абмеркавалі таксама перспектывы ўступлення Украіны ў NATO. Па словах Зяленскага, Байдэн "асабіста падтрымлівае Украіну адносна прадастаўлення сяброўства ў NATO, але якім будзе шлях, цяпер мне складана вам сказаць".

На перамовах гучала таксама тэма ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Абмеркавалі і пытанне Крыма.

"Шмат разоў гучала слова "Крым", пачынаючы з кампліментарных рэчаў адносна "Крымскай платформы" (праект, які ставіць мэту дамагчыся дэакупацыі Крыма — Еўрарадыё), пра тое, што гэта вельмі магутная ініцыятыва", — адзначыў Зяленскі. Паводле яго слоў, ЗША маюць намер падтрымліваць яе.

Акрамя таго, прэзідэнты абмеркавалі дэакупацыю Крыма, але "гэта складанае пытанне", заўважыў Зяленскі.

ЗША таксама заявілі аб тым, што цалкам падтрымліваю "Нармандскі фармат", а таксама ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны на прынцыпах міжнароднага права. Пра гэта гаворыцца ўжо ў сумеснай заяве "аб амерыкана-ўкраінскім стратэгічным партнёрстве". Яна была апублікавана на сайце Белага дома па выніках сустрэчы.

Адказнасць за тое, што адбываецца на Данбасе бакі ўскладаюць на Расію, якая парушыла правіла не змяняць межы сілай. У заяве гаворыцца, што Вашынгтон і Кіеў маюць намер працягнуць працу па прыцягненні Масквы да адказнасці за агрэсію.

"Мы разам заклікаем Расію зноў прадэманстраваць прыхільнасць спыненню агню на ўсходзе Украіны і непадробна ўдзельнічаць у намаганнях ва ўрэгуляванні канфлікту з мэтай завяршэння вайны", — гаворыцца ў дакуменце.

Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтоне доўжылася больш за дзве гадзіны. І прайшла, па словах Зяленскага, у нармальнай, але не заўсёды сонечнай атмасферы.

"Нармальная мужчынская размова", — ахарактарызаваў украінскі прэзідэнт перамовы з Байдэнам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі