Крымінальная справа супраць супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc закрытая

У офісе PandaDoc​
У офісе PandaDoc​

Крымінальная справа супраць чатырох супрацоўнікаў PandaDoc закрытая. У кіраўніцтве IT-кампаніі гэта пацвердзілі сайту dev.by.

20 жніўня з СІЗА выйшаў апошні з чатырох затрыманых па гэтай справе — дырэктар па прадукце PandaDoc Віктар Куўшынаў. У кампаніі адзначылі, што "пакуль не ведаюць дакладна", ці знятыя абмежаванні з фігурантаў справы.

2 верасня 2020 года ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі — дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча, менеджара Віктара Куўшынава, бухгалтара Юлію Шардыку і эйчара Уладзіслава Міхалапа — абвінавацілі ў крадзяжы каля 107 тыс рублёў. Пазней артыкул змянілі на "махлярства".

11 кастрычніка 2020 года дырэктара PandaDoc Дзмітрыя Рабцэвіча выпусцілі з СІЗА КДБ пад хатні арышт. Гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як 12 зняволеных сустрэліся ў СІЗА з Аляксандрам Лукашэнкам. Пазней мера стрымання яму была змененая на падпіску аб нявыездзе.

13 кастрычніка пад хатні арышт былі пераведзеныя Юлія Шардыка і Уладзіслаў Міхалап.

Заснавальнікі PandaDoc звязвалі крымінальны пераслед сваіх супрацоўнікаў у Мінску з праектам дапамогі сілавікам, якія вырашаць змяніць прафесію. Заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада абвясціў аб прыпыненні гэтага праекта неўзабаве пасля таго, як у офісе кампаніі і ў супрацоўнікаў прайшлі ператрусы і затрыманні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі