Кулінковіч распавёў, чаму “Нейра Дзюбель” не выступіць на 100-годдзі БНР

Кулінковіч распавёў, чаму “Нейра Дзюбель” не выступіць на 100-годдзі БНР

Лідар гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч распавёў Еўрарадыё, чаму не зможа паўдзельнічаць у канцэрце да 100-годдзя БНР. Па словах музыкі, усё банальна: ён моцна захварэў, і, цалкам магчыма, не паспее паправіцца да 25 сакавіка.

“Проста я вельмі моцна захварэў і вельмі сумнеўна, што буду 25 сакавіка здольны выйсці на сцэну. Тым не менш, калі мы і будзем выступаць, то мы будзем як снег на галаву ― у апошні момант, ― кажа Аляксандр Кулінковіч. ― Я зараз напішу гэта ўсё і на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што па такіх вось тэхнічных прычынах не атрымліваецца”.

Чуткі пра тое, што Аляксандру Кулінковічу нібыта забараніў выступаць на канцэрце галоўны рэдактар газеты “Беларусь Сегодня” (музыка падпрацоўвае там у якасці калумніста), лідар “Нейра Дзюбеля” катэгарычна абвяргае:

“Якая “Советская Белоруссия”, я там нават не ў штаце! І “забаяўся выступаць” ― гэта зусім не пра мяне”, ― кажа Кулінковіч.

“Нейра Дзюбель” ― культавы беларускі панк-гурт, адзін з "генералаў айчыннага року". Некалькі разоў музыкі траплялі ў "чорныя спісы" і не мелі магчымасці выступаць на радзіме.

Акрамя “Нейра Дзюбеля” на канцэрце ля Опернага тэатра не выступіць Зміцер Вайцюшкевіч, а выступ Лявона Вольскага, які 25 сакавіка з'язджае на канцэрт у Беласток, будзе транслявацца ў запісе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі